Гродненщина - вчера и сегодня

На Ашмяншчыне адкрылі ўнікальны турыстычны аб’ект – валун “Нявесцін камень”

07.10.2015.
Калі казаць пра ўнікальнасць, то ўнікальны не сам камень. Такіх велізарных валуноў-следавікоў на Ашмяншчыне некалькі. Гэты ж, хоць і мае статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння, ад астатніх мала чым адрозніваецца. Людзі здавён прыпісалі “Нявесцінаму каменю” славу цудадзейнага: дапамагае вырашыць некаторыя далікатныя жаночыя праблемы – выйсці замуж ці нарадзіць дзіця.
А знаходзіцца  “Нявесцін камень” ля вёскі Агароднікі Навасёлкаўскага сельсавета. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату быў прынесены, як сведчаць навукоўцы, 130–150 тысяч гадоў назад ледніком з Аландскіх астравоў, размешчаных у Балтыйскім моры ля берагоў Швецыі. Даўжыня яго дасягае 4,1 метра, вышыня – 2,2 метра, акружнасць – 10 метраў, вага – 74 тоны. Глыбу яшчэ называюць “Вялікай” і “Рамбоўскай”, бо размешчана яна ў так званым Рамбоўскім рове.
А адкуль назва “Нявесцін камень”?  Па адным з паданняў, у вялікі камень ператварылася мясцовая дзяўчына, якая кінулася ў паўнаводны тады роў, на дне якога  зараз ляжыць глыба, услед за сваім тапельцам-жаніхом. Уміг вада высахла, а ўсе слёзы нявесты ператварыліся ў камень – такі вялікі, таму што вельмі шмат слёз праліла нявеста па сваім нарачоным.
Калі верыць другому паданню, то камень з’явіўся на месцы паганскага капішча, дзе ў дахрысціянскія часы нашы продкі бралі шлюб.
Па іншай версіі, пад гэтым каменем пахавана паслушніца, якая шчыра малілася за шчасце маладых кабет у шлюбе.
У мясцовых жыхароў да нядаўняга часу існавала прыкмета: калі маладыя перад вянчаннем не сходзяць да каменя, сямейнае жыццё не ўдасца або ў пары не будзе дзяцей. Меў валун славу лекара ад розных хвароб, часцей – ад дзіцячых. Кажуць, калі маладая дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, ёй неабходна абавязкова дакрануцца да валуна, і спадзяванні здзейсняцца.
У Ашмянах вырашылі ператварыць “Нявесцін камень” у турыстычны аб’ект. За распрацоўку аднайменнага краязнаўчага праекта ўзяліся сябры аматарскага аб’яднання “Знай край”. З ім вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе “Тандэм-2”, дзе сталі аднымі з пераможцаў. Для рэалізацыі праекта Еўрасаюз выдзеліў 13 300 долараў – 90 працэнтаў кошту. Яшчэ 10 працэнтаў выдаткаваў раённы бюджэт.
У лік рэалізатараў праекта ўвайшлі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча, Навасёлкаўскі сельскі Савет, на тэрыторыі якога знаходзіцца валун, раённая бібліятэка і грамадскае аб’яднанне “Знай край” і Асацыяцыя агентстваў мясцовай дэмакратыі з французскага Страсбурга, .
Работа праводзілася ў некалькі этапаў. Бібліятэкары і краязнаўцы наведалі вяскоўцаў, якія жывуць у вёсках Навасёлкаўскага сельсавета, запісалі ўсе паданні. Мясцовасць ля валуна добраўпарадкавалі – на шашы з’явіўся ўказальнік накірунку да аб’екта, абсталявалі пляцоўку для аўтамабіляў, паставілі скрыні для смецця, высеклі хмызняк і пустазелле вакол каменя, а на дно яра, дзе залягае сам валун, зрабілі зручныя сходы.
На прэзентацыю абноўленага турыстычнага аб’екта, нягледзячы на восеньскую слоту і дробны дождж, людзей сабралася шмат. Паданні і бывалічкі ў выкананні культработнікаў гучалі тут па-новаму, неяк асабліва кранаюча. Гасцей частавалі чысцюткай сцюдзёнай вадой з крынічкі, размешчанай непадалёк. Мясцовыя кажуць, што вада з гэтай крыніцы мае гаючыя якасці, а гэта таксама можа стаць прыцягальным для турыстаў.
Пабываць ля “Нявесцінага каменя” і не дакрануцца да яго шурпатага боку, не загадаць жаданне, не павязаць прыгожую яркую стужку? Такой магчымасцю скарысталіся многія, дарэчы, не толькі маладыя дзяўчаты, але і сталыя кабеты.
Удзельнікі прэзентацыі хутка раз’ехаліся, а вялізны валун застаўся ляжаць на дне глыбокага яра, упрыгожаны новымі стужкамі і наслухаўшыся мар-пажаданняў. Думаю, што хоць і не адразу, але ўсе спадзяванні, давераныя яму, ён спраўдзіць.
А на Ашмяншчыне чакаюць турыстаў. Зрэшты, “Нявесцін камень” толькі адзін з аб’ектаў турыстычнага маршрута. У гэтым краі вам пакажуць нямала цікавостак, якія бераглі і шанавалі нашы продкі.
Ну, а калі гады бягуць імкліва, а на гарызонце не з’яўляецца адзіны, прыязджайце да “Нявесцінага каменя”. Хто ведае, а можа…
невестин камень 4.jpg
IMG_3406.jpg

В тему
♦ В Сморгонском районе на берегу Вилии лежит камень «Богатырь» –  геологический памятник республиканского значения. Он  действительно впечатляет своими размерами. И цвет, и форму имеет диковинную. По легенде, в этот камень злой чародей превратил богатыря, который решил освободить прекрасную девушку.
♦ Недалеко от Крева в небольшой рощице из кустарников и деревьев спрятался валун «Козий камень Ядвиговский», тоже памятник природы республиканского значения. По легенде, на него запрыгнула коза и тем самым спаслась от волков.
 ♦ На табличке возле валуна недалеко от деревни Кевлы написано «Большой камень Кевловский», но местные люди называют его «Кошачий камень». На нем видны вмятины, которые напоминают следы кошачьей лапы.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ
Наталія ВАЛЫНЕЦ
Комментарии (0)