Гродненщина - вчера и сегодня

У Рагачове адзначылі Дзень беларускага пісьменства і назвалі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі

06.09.2016.
Другі год запар гонар выпадае пісьменнікам з Гродзеншчыны. Нагадаем, што ўпершыню пераможцаў гэтай прэміі, заснаванай Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, абвясцілі летась на Дні беларускага пісьменства ў Шчучыне. Тады ўзнагароды атрымалі шэсць творцаў, у тым ліку і гродзенская дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая. Сёлета пераможцаў вызначылі ва ўсіх сямі намінацыях. Кніга Мар’яна Дуксы “Птушка вечнасці – душа”, што пабачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці”, прызнана лепшай у намінацыі “Паэзія”.
Мар’ян Дукса нарадзіўся на Мя-дзельшчыне, а другой радзімай яму стала Смаргоншчына, дзе ў вёсцы Солы доўгі час працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Ён – аўтар чатырох зборнікаў паэзіі для дзяцей і чатырнаццаці для дарослых, а таксама аўтар слоў песні “Смаргонская ўрачыстая”, якую лічаць гімнам Смаргоні. У мінулым паэт з Солаў быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова за лепшую кнігу года ў галіне паэзіі.
Зборнік "Птушка вечнасці – душа" змяшчае каля чатырохсот вершаў на самыя розныя тэмы. Ствараліся яны з канца дзевяностых і па сённяшні дзень. Тут усё, што хвалюе аўтара: лёс вёсак, роднай мовы, любоў да зямлі, мары і надзеі, развагі пра паэта і паэзію. Аўтар згадвае расчараванні і мары, спрабуе перамагчы «неапраўданую паныласць» ды сустрэць «крохкую радасць». Часам вершы становяцца вострымі і сатырычнымі, так тонка і глыбока Мар’ян Дукса ўспрымае навакольны свет. Адзін, другі – і зноў радасць ды супакаенне, цішыня і замілаванне.
Як правіла, крыніцай майго натхнення заўсёды станавілася нязгода – калі чуў думкі, з якімі не згаджаўся, хацелася адказаць на іх эмацыянальна, паэтычным словам, – распавёў Мар’ян Мікалаевіч. – Так нараджаліся лепшыя творы. Бо лічу, што паэзія – гэта не забаўка, у кожным вершы павінна быць думка. Паэзія – гэта філіял філасофіі, рэлігіі і маралі, паэт павінен сказаць чытачу нешта важнае. Мы ўсе жывём на скрыжаванні дабра і зла, і кожны з нас павінен рабіць выбар – у які бок павярнуць.
Пазнаёміцца з творамі Мар’яна Дуксы маглі госці свята беларускага пісьменства, чытачы знойдуць зборнік на паліцах кнігарняў і бібліятэк.
Як паведаміла старшыня абласнога аддзялення Саюза піьсьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, у Рагачоў на свята ездзіла прадстаўнічая дэлегацыя творцаў Гродзеншчыны. Яны прэзентавалі свае выданні ў павільёне “Слова – пісьменнікам”, выступалі падчас творчай сустрэчы з аўтарамі. Дарэчы, гэты эпізод упершыню стаў часткай Дня пісьменства ў Шчучыне і прыйшоўся даспадобы гасцям. У Рагачове на святочную сцэну зноў выходзілі паэты і празаікі, а гледачы маглі паслухаць іх творы ў аўтарскім выкананні.
Фото БелТА
Таццяна МАСТОЎСКАЯ, Наталія ВАЛЫНЕЦ
Комментарии (0)