Гродненщина - вчера и сегодня

Кола часу: пабыць у атмасферы піліпаўскіх вечароў і даведацца, як дзяўчаты і хлопцы праводзілі “папрадухі”, была магчымасць у Лідзе

27.11.2017.
У рамках праекта «Кола часу» ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылася цікавая і вельмі пазнавальная анімацыйная праграма.  Пабыць у атмасферы піліпаўскіх вечароў і даведацца, як дзяўчаты і хлопцы мясцовых вёсак праводзілі “папрадухі” або “кудзялькі” (як іх яшчэ называлі ў народзе), была магчымасць і ў дзяцей, і ў дарослых гледачоў. Але ў пачатку можна было атрымаць шмат цікавай інфармацыі.

Піліпаўка – шасцітыднёвы перадкалядны пост (цягнецца да 7 студзеня), у які нашыя продкі звычайна елі сціпла, не ладзілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі, неслі з сабою і прасніцу, і калаўрот. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны. Нездарма ж казалі: “Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш”.

– На Гродзеншчыне час вячорак супадаў з пачаткам Піліпаўскага посту, – расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай кульутры Ірына Дыдышка. – Дзяўчыны па чарзе запрашалі да сябе на вячоркі: спявалі лірычныя песні, частавалі і займаліся рукадзеллем, у асноўным прадзеннем. Запрашэнне было такой жа неад'емнай часткай вячорак, як і прыход хлопцаў. Прысутнасць юнакоў не перашкаджала дзяўчатам выконваць іх працу, без іх вячоркі гублялі ўсялякі сэнс у вачах моладзі. Як казалі старажылы: «У вечарушкі – хто праў, хто вязаў, а хто і кудзелю падпальваў».

Нашы продкі ўмелі бавіць час за працай. Менавіта таму праграма атрымалася надзвычай насычанай, уключала вясёлы аповед пра звычайнае жыццё на вёсцы, востры гумар. Вячоркі асабліва спадабалася хлопцам і дзяўчатам з мясцовых школ.

– Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а ўсё ж засталася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў, – зазначыла кіраўнік фальклорнага гурта “Талер” Наталля Шчалканогава. – Актуальныя гэтыя дзеі і цяпер. Я лічу, што ў сучаснай турыстычнай справе звычаі піліпаўскіх вечароў могуць стаць асновай (як мы пабачылі сёння) для сцэнічных пастановак, а таксама анімацыйных праграм, што давалі б магчымасць турыстам паспрабаваць свае сілы ў характэрных для перыяду посту занятках (напрыклад, у прадзенні), а таксама паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і танцах, пакаштаваць посныя стравы беларускай кухні.

“Калі на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры. Як у Піліпаўку навісь на дрэве, будзе ўраджай на хлеб”, -- гаварыла некалі мая бабуля. Што тут скажаш, продкі нашыя нездарма так думалі: мудрасць, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, была праверана часам.

Гэта трэба ведаць

Піліпаўскія вячоркі – дзявочыя працоўныя вечары, што пачыналіся з наступленнем перыяду посту перад святамі Божага нараджэння: Піліпаўскі пост у праваслаўных (28 лістапада – 6 студзеня), Адвэнт у каталікоў (пачатак паміж 27 лістапада і 3 снежня, доўжыцца да 24 снежня).

"Лідская газета"
Комментарии (0)