Гродненщина - вчера и сегодня

Любчанская друкарня адзначыла 405 гадоў

06.03.2017,
Сёлетні год для беларускага кнігадрукавання з’яўляецца знакавым ва ўсіх сэнсах. 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання – значная дата ў гісторыі беларускай і сусветнай кніжнай культуры. Невялікае мястэчка ў Навагрудскім раёне з прыгожай назвай Любча таксама святкуе свой асабісты “кніжны” юбілей. 405 гадоў спаўнілася з дня заснавання Любчанскай друкарні.

Крыніцы нават называюць нам дакладную дату – 27 лютага 1612 года. Менавіта таму 27 лютага 2017 года ў Любчы зноў ажылі падзеі мінулых дзён. Тэатралізаваную “Гісторыю адной друкарні” стварыла Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка.

Дзеянне адбываецца адразу і ў мінулым, і ў сучаснасці. Гісторыя пачынаецца з таго, што хлопчык Цімур выпадкова ад сваёй маці даведваецца аб існаванні ў роднай Любчы сапраўднай друкарні. Ён захапляецца яе гісторыяй, нават бачыць каляровы сон аб тых гістарычных  падзеях, якія развіваліся наступным чынам…
У 1612 годзе друкар з Вільні Пётр Бластус Кміта, ратуючыся ад праследавання езуітаў, едзе ў Любчу, дзе і засноўвае друкарню… Само мястэчка належала Радзівілам Біржайскай лініі, таму апекуном Кміты стаў Крыштаф Радзівіл — першы ў гісторыі ВКЛ польны гетман (кіроўца велікакняжацкага войска). Радзівілы да канца заставаліся вернымі ідэям Рэфармацыі. Аднак друкарня не ўзяла сабе за правіла абслугоўваць інтарэсы толькі адной канфесіі, што было распаўсюджана ў той час, а давала магчымасць прадстаўнікам розных веравызнанняў друкаваць свае творы. Сённяшнія ж даследчыкі лічаць Любчанскую друкарню папросту фенаменальнай.

Першым выданнем, надрукаваным у 1612 годзе, стала каталіцкая кніга «Шэсць крылаў Серафімавых» Св. Банавентуры з прысвячэннем віленскаму епіскапу Бенядыкту Войне. Рэгулярна выходзілі тут творы пратэстантаў. Найбольш вядомы і пастаянны аўтар Ян Зыгровій — сеньёр наваградскага дыстрыкта — надрукаваў тут ажно дзевяць сваіх твораў. Адметна, што на рэлігійнай глебе адбылося нават спаборніцтва паміж Любчанскай і Віленскай друкарнямі. Пётр Кміта надрукаваў апісанне дыспуту, што адбыўся ў Навагрудку паміж пратэстанцкімі езуітамі і езуітам Бенядыктам Брывіліем. У адказ на гэтую публікацыю Віленская акадэмічная друкарня выдала кніжку з супрацьлеглым поглядам на ход вучонай спрэчкі і на пераможцу ў дыспуце.

Пасля смерці Пятра Бластуса Кміты да выдавецкай справы падключыўся яго сын Ян Даніэль: яго імя з’яўляецца ў выдавецкім адрасе на мяжы 1632 і 1633 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам з любчанскіх варштатаў выходзілі пераважна выданні евангелічнай царквы, творы кальвіністаў. Вядома, што тут надрукавана і арыянская кніга «Rеsроnsіо аd Mеіsuеrі lіbrоs» (1637).

Для практычнага ўжытку шырокім колам чытачоў (а таксама для атрымання трывалага прыбытку ад продажу) тут друкаваліся і нерэлігійныя выданні. Напрыклад, «Vаdеmесum сhіmісum, або апісанне, як ужываць лякарствы», «Хатнія лякарствы», «Аб тым, як выбіраць і вучыць коней, пры тым лякарствы на… конскія хваробы»… Гэтая друкарня выпускала і навучальныя дапаможнікі для патрэб пратэстанцкіх школ. Выдатным помнікам арганізацыі адукацыі на беларускіх землях Вялікага Княства з’яўляецца надрукаваны ў 1628 годзе Статут Слуцкай школы.

Выходзілі тут і літаратурныя творы, напрыклад, «Пра Сюзану» (1624) і «Пра Язэпа, якога прадалі ў Егіпет» (1625) Самуіла Доўгірда, — а таксама гістарычныя: «Генеалогія, або Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх… » (1626) Самуіла Доўгірда. Выдаваліся таксама календары, зборнікі панегірыкаў і эпітафій, прысвечаных сям’і Радзівілаў, і шмат чаго іншага.

Апошнім, трэцім друкаром Любчанскай друкарні быў Ян Ланге — эмігрант з Польшчы, лютэранін. Вядомыя толькі два выданні з яго іменем у выходных звестках. Гэта «Гадзіннік, альбо Памятка… пакуты і смерці збавіцеля» Мацея Гласкоўскага і каляндар «Кнігі гадавіка першая частка, гэта значыць стары і новы каляндар гадавых свят», складзены Стэфанам Фурманам.

Чаму ж даследчыкі культуры лічаць гэтую друкарню фенаменальнай? Таму што ні адна пратэстанцкая друкарня ў Вялікім княстве Літоўскім не існавала так доўга, як гэтая. Прычым выпусціла яна не толькі шмат твораў розных канфесій, але і самыя розныя свецкія выданні.

Эпідэміі і войны сярэдзіны ХVІІ стагоддзя разбурылі Любчу. З таго часу выданне кніг у ёй не аднаўлялася. Нічога з друкарскага абсталявання, нажаль, не захавалася. Сёння не вядома нават дакладнае месца размяшчэння былой друкарні. Але гэта зусім не значыць, што фактам існавання на Навагрудчыне такой друкарні нельга ганарыцца. Мы павінны вывучаць сваю слаўную гісторыю кнігадрукавання. Ну а дапамагчы ў гэтым дапамагло сцэнічнае ўвасабленне 405-гадовай гісторыі друкарні, рэалізаванае Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэкай пры непасрэдным удзеле вучняў Любчанскай сярэдняй школы.
www.region.grodno.by
Комментарии (0)