Гродненщина - вчера и сегодня

Гродзенскія аптэкі. Погляд праз стагоддзі

08.10.2017.
СПРАВА ПАВАЖАНЫХ ЛЮДЗЕЙ

У 1599 годзе ў Гародні была заснавана шкляная гута літоўскага пісара Яраша Валовіча, якая вырабляла не толькі прадметы штодзённага хатняга побыту, але і аптэчны посуд. Ёсць звесткі аб гродзенскім аптэкары і лаўніку Гродзенскага магістрата Адаме Ярашэвічу, які ў 1659 годзе купіў плац на паўночным баку рынку і Віленскай вуліцы. На ёй стаяла карчма і камяніца. Хутчэй за ўсё ў камяніцы была аптэка. А пасля ўладальнікі будынку часта змяняліся: ім валодаў таксама гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. Маецца сігнатура, якая пацвярджае, што з 1903 года аптэка працавала як «Apteka kresowa» D.Klinkowsztejna. У будынку, дзе зараз месціцца крама «Ратушный», знаходзілася аптэчная крама Баткоўскага (1894 год). 

Ёсць звесткі аб аптэцы гродзенскага бурмістра Міхаіла Календы, якая знаходзілася на заходнім баку рынку. У 1729 годзе аптэкай кіраваў Давід Хартвіх. З 1751 года новым уладальнікам стаў прэзідэнт горада Андрэй Сталінскі. Аптэку ён запісаў на жонку Зузану. Будынак аптэкі Сталінскага складаўся з некалькіх памяшканняў: “чаляднага пакоіка” ці лабараторыі, тыльнага пакоя, кухні і склепу (тыпова для першых аптэк). Аптэка была багата забяспечана рознымі фармацэўтычнымі алавянымі, масянжовымі, жалезнымі, шклянымі, глінянымі і драўлянымі начыненнямі і прыладамі: бутэлькі, слоі, алейкі, слоікі, ступкі, мензуркі і шалькі. Размяшчаліся яны ў спецыяльных шафах. У аптэцы быў таксама свой рэцэптурны стол (апісанне аптэкі паводле Ю.Ю.Гардзеева). На жаль, будынак аптэкі не захаваўся.

Аптэкары былі паважанымі людзьмі, ім дазвалялася засядаць у органах гарадской улады. У сваю чаргу ўладальнікі аптэк былі прадстаўнікамі заможнага мяшчанства.

ЗАЛАТЫ ВЕК АПТЭКАРАЎ

Цікавую гісторыю мае аптэка на вуліцы Дамініканскай,7. У сярэдзіне XVIII стагоддзя на гэтым месцы стаяў палац з афіцынамі пана Александровіча, які згарэў падчас пажару. З каменнага хлява, які застаўся, пабудавалі двухпавярховы дом, у якім размясціліся аптэка і друкарня. Аптэку адкрыў у 1815 годзе Якаў Румель (адзін з уладальнікаў Румлёўскага парку, мабыць адсюль і назва). На той момант яна была трэцяй па ліку ў горадзе. За гады працы Румель паказаў сябе спрактыкаваным, дакладным правізарам, які ўважліва сачыў за навінамі навукі. Штогадовыя праверкі мясцовай урачэбнай управы заўсёды паказвалі на тое, што аптэка знаходзілася ў належным для такіх устаноў стане, і лекі рыхтаваліся ў ёй «найлепшым чынам». Пры аптэцы Якаў Румель добра абсталяваў лабараторыю, што дазволіла яму не толькі якасна рабіць лекі, але і праводзіць фізічныя і хімічныя даследаванні. У аптэцы таксама прадаваліся парфумерыя і кандытарскія вырабы. На той час (XVII-XVIII ст.) у аптэцы не толькі гатаваліся лекі. Яна была навуковай лабараторыяй. 
 
Пазней аптэка змяніла некалькі ўладальнікаў. У верасні 1944 года будынак быў перададзены “Упраўленню будаўнічых работ” Беластоцкай чыгункі, з 1960 года працуе крама «Оптыка». Вельмі хацелася б адрадзіць гістарычную справядлівасць і адчыніць у гэтым будынку аптэку.


ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ:



Галіна Пятрышча, правізар Гродзенскага РУП “Фармацыя”
Комментарии (0)