Фестиваль национальных культур 2018

100-годдзе вядомага гродзенскага мастака Iвана Пушкова адзначылi ў музеi

16.02.2018.
100-годдзе з дня нараджэння Івана Пушкова (1918-1986) адзначылi 16 лютага ў Гродзенскiм гiсторыка-археалагiчным музеi.

Адразу пасля вайны, пераможна завяршыўшы яе ў Празе, Іван Пушкоў як таленавіты мастак быў накіраваны ў Гродна, куды ён з’явіўся ў 1945 годзе з баявымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнамі Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, шматлікімі медалямі.

Ураджэнец Тамбоўшчыны Пушкоў скончыў да вайны Пензенскае вучылішча імя К.Савіцкага, вучыўся ў І. Горушкіна-Саракапудава. Творчую дзейнасць у Гродне пачаў, па словах Надзеі Сінельнікавай, дачкі мастака Міхаіла Плужніка, разам з яе бацькам з роспісу “Баявы шлях арміі” у інтэр’еры Дома афіцэраў, дзе праз асобныя жанравыя эпізоды Вялікай Айчыннай вайны асэнсоўвалася значная для краіны гістарычная падзея.
Іван Пушкоў. 1960-я гг..jpg

Імя І.Пушкова фігуруе таксама ў дакуменце Гродзенскага абласнога архіва “Рашэнне № 1234 выканкама Гродзенскага Савета дэпутатаў працоўных ад 1 снежня 1946 г.”, у адпаведнасці з якім у горадзе было створана аргбюро мастакоў у складзе У.Марозава, І.Пушкова, А.Коха з мэтай арганізацыі “Гродзенскага філіяла савецкіх мастакоў БССР”. З гэтага моманту можна адлічваць пачатак арганізаванай прафесійнай дзейнасці нашых творцаў. Гродзенскае аддзяленне Беларускага саюза мастакоў Пушкоў узначальваў таксама з 1971 па 1979 гг. Дзякуючы яму ў 1967 г. па вул. Ажэшкі, д. 38 у Гродне адкрылася выставачная зала, якая спачатку належала Саюзу мастакоў і стала неад’емнай часткай творчага жыцця. За сваю плённую працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю ў 1979 г. мастак удастоены звання заслужанага работніка культуры БССР.

Прыналежнасць І. Пушкова да мастацкага асяроддзя падкрэслілася ў музейнай экспазіцыі асабістымі рэчамі жывапісца: яго мальбертам, фарбамі, пэндзлікамі, рабочым халатам з характэрным для мастака берэтам, а таксама прадстаўленымі жывапіснымі палотнамі і графічнымі аркушамі.

Былы ваенны артылерыст, разведчык, падчас франтавых будняў мастак рабіў графічныя нататкі для франтавой газеты, вёў падрабязны дзённік, дзе выконваў шматлікія замалёўкі з натуры, якія пазней дапамагалі ў стварэнні жанравых палотнаў. Адно з іх “Кавалерыйская атака” (“Праследаванне ворага”, 1947), захоўваецца ў фондах музея і ўяўляе сабой панарамную шматфігурную кампазіцыю, дзе адлюстравана вялікая маса людзей, аб’яднаных адзіным наступальным парывам, дзе паказаны той пераломны момант у ходзе вайны, калі чырвонаармейцы-кавалерысты, зламаўшы супраціўленне ворага, праследуюць яго.

Выстаўка ўключае работы і з краявідамі Гродзеншчыны, у тым ліку з відарысамі любімага Нёмана (“Зара над Нёманам”, “У далінах Нёмана”). Унікальнай для гісторыі Гродна з’яўляецца сёння работа “Дарога на камбінат”, дзе ў 1971 годзе аўтар узнавіў навакольнае асяроддзе з выявамі карпусоў аб’яднання “Азот”, заснаванага ў 1968 годзе Звяртаюць на сябе ўвагу характэрныя для савецкага мастацтва 1950-60-х гг. сюжэты, прысвечаныя пісьменнікам Гродзеншчыны, гістарычным асобам: “Адам Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі” (1955), “А.Пашкевіч (Цётка) у Э. Ажэшка”(1965), “А. Міцкевіч” (1961). Графічныя партрэты дазваляюць узнавіць воблікі блізкіх мастаку людзей, аўтапартрэт – убачыць ацэнку мастаком самога сябе, свайго духоўнага свету.

Родныя І.Пушкова (2).JPG

Непасрэдныя ўражанні Івана Пушкова, увасобленыя ў мастацкіх вобразах, нясуць энергетыку жывога ўспрыняцця падзей і праўду факта. У выяўленчых творах адбываецца праламленне жыцця праз прызму творчасці, магчымасць перавесці штодзённы вопыт у плоскасць сімвалічнага, таму работы мастака хвалююць пакаленні людзей менавіта гэтымі вартасцямі, а таксама сваім магутным ідэйным зместам.

На выстаўцы прысутнічалі родныя Івана Васільевіча, сабраліся гродзенскія мастакі, не толькі тыя, хто ведалі яго асабіста, але і маладыя, якія ўвачавідкі змаглі пазнаёміцца з цэлай творчай эпохай мастака Івана Пушкова.

І.Пушкоў. Бэз. 1977..JPGМайская зеляніна 1974 г..JPGИ.Пушкоў. Нёман. 1966 г..jpg4.І.Пушкоў. Кавалерыйская атака. 1946.JPG
Марына Загідуліна, мастацтвазнаўца
Комментарии (0)