Гродненщина - вчера и сегодня

У Бераставiцкiм раёне адкрылi музей гісторыі КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”

03.12.2017.
Учора падчас ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага працаўнікам вёскі, у аграгарадку Вялікія Эйсманты ўрачыста адкрыты музей гісторыі КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”.

Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, былы старшыня калгаса імя Варанецкага Мікалай Зданчук і выконваючы абавязкі дырэктара КСУП “Варанецкі” Павел Станеўскі.

Першую экскурсію па новаму музею правёў навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка. Дарэчы, супрацоўнікі гэтай установы унеслі значны ўклад у афармленне музейнай экспазіцыі у Вялікіх Эйсмантах, дапамаглі з падборам дакументальных матэрыялаў.

IMG_5772-5.jpg

Экспазіцыя музея ўмоўна дзеліцца на тры перыяды. Першы з іх – гэта калі калгас “Гвардыя” узначальваў Андрэй Максімавіч Варанецкі. Там можна ўбачыць як яго асабістыя дакументы, так і дакументы людзей таго часу. Пад яго кіраўніцтвам адстаючая гаспадарка стала адной з найбольш моцных не толькі ў Беларусі, але і у СССР. За дасягнутыя поспехі калгас “Гвардыя” у 1967 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Гэты ордэн знаходзіцца на цэнтральнай вітрыне музея.

У цэнтры экспазіцыі, прысвечанай першаму старшыні калгаса, размешчаны партрэт Андрэя Максімавіча Варанецкага, аўтарам якога з’яўляецца народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі.

1.JPGIMG_5820-5.jpg

Другі перыяд прысвечаны таму часу, калі гаспадарку, якой, дарэчы, было прысвоена імя Варанецкага пасля яго смерці ў 1972 годзе, узначальваў Мікалай Рыгоравіч Зданчук. Гэта быў час далейшага росквіту аднаго з самых перадавых на той час калгасаў. Не толькі на новы ўзровень падняліся вытворчыя паказчыкі, але і непазнавальна змянілася сацыяльная сфера ў Вялікіх Эйсмантах. Быў пабудаваны плавальны басейн, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Мікалай Рыгоравіч падчас экскурсіі дзяліўся ўспамінамі, звязанымі з некаторымі знамянальнымі падзеямі з жыцця гаспадаркі. На стэндах можна ўбачыць многае з таго, што адбывалася тады, на фотаздымках.

І трэці перыяд адлюстроўвае той час, калі гаспадаркай кіруе Іосіф Іосіфавіч Колас. Ён узначаліў СВК імя Варанецкага ў сакавіку 2007 года.

Ёсць у музеі і фотагалерэя славы, на якой размешчаны фотаздымкі людзей, якія працавалі яшчэ пры Варанецкім, потым пры Зданчуку, а таксама сучасных перадавікоў вытворчасці.

Першы запіс у кнізе для ганаровых наведвальнікаў пасля экскурсіі заставіў Мікалай Рыгоравіч Зданчук.

IMG_5761-5.jpg
Сяргей Хілюта, "Бераставiцкая газета"
Комментарии (0)