Фестиваль национальных культур 2018

Фігура атлета на п’едэстале. Настаўнік з Ашмян удзельнічае ў конкурсе на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў

08.01.2018.
У 2019 годзе Мінск будзе прымаць ІІ Еўрапейскія гульні. З гэтай нагоды Міністэрства інфармацыі і Нацыянальны алімпійскі камітэт прапанавалі беларусам далучыцца да маштабнага спартыўнага свята і распрацаваць талісман, які будзе ўвасабляць агульную канцэпцыю спаборніцтваў. Першай умовай было тое, што талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану Bright Year, Bright You («Яркі год, яркі ты»).

— Яшчэ ён павінен адлюстроўваць беларускі нацыянальны каларыт, традыцыі і культуру нашай краіны. І разам з тым, агульную канцэпцыю гульняў — быць яркім і прывязаным да легенды аб папараць-кветцы, да той мары, здзяйснення якой чакае кожны, — расказвае настаўнік Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Валерый Ганевіч.

Валерый Зыгмундавіч разам са сваім калегам Дзмітрыем Айвазоўскім прадставілі свой эскіз у адкрытым рэспубліканскім конкурсе на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Прыняць удзел у ім творчаму тандэму прапанавала дырэктар школы мастацтваў Жанна Мажэйка.

Маладым настаўнікам спатрэбілася ўсяго некалькі дзён на тое, каб не проста прыдумаць ідэю, але і ўвасобіць яе на аркушы паперы. У аснову эскіза ляглі беларускія традыцыі — будучы талісман гульняў аздобілі важкім калоссем пшаніцы, блакітнымі валошкамі і лісцем чароўнай папараць-кветкі. Спартыўным складнікам стала фігура атлета на п’едэстале (на фоне дзяржаўнага сцяга), у руцэ якога гарыць  і цягнецца ў неба алімпійскі агонь.

IMG_9514.jpgДарэчы, удзел у такім конкурсе — не першы вопыт Валерыя Ганевіча. Эскіз яго шкляной статуэткі, створанай спецыяльна да Дня маці, высока ацанілі на абласным конкурсе.

За чатыры гады працы ў дзіцячай школе мастацтваў выкладчык і яго вучні прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах, пленэрах, выставах і майстар-класах. Вось і падчас нашай сустрэчы Валерый Зыгмундавіч разважаў аб творчых «спаборніцтвах», аб поспехах сваіх вучняў. Цікава было паслухаць і разглядаць работы таленавітых дзяцей і выкладчыкаў, якія, напэўна, няма куды ставіць у прасторным кабінеце. Паліцы ўпрыгожваюць вырабы з гліны і гіпсу, на сценах красуюцца вялікія карціны і партрэты, а на падаконніках яшчэ не скончаныя «шэдэўры» дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дарэчы, у гэтым накірунку Валерый Зыгмундавіч стараецца развівацца і ствараць конкурсныя работы. Тым больш, што некалькі гадоў таму, дзякуючы праекту прыгранічнага супрацоўніцтва Беларусі, Літвы і Латвіі «Два бакі, адна гісторыя і культура», у школе з’явіўся ганчарны круг і печ для абпалу керамікі. Менавіта гэтыя прылады дазволілі расшырыць мастацкі дыяпазон і працаваць у новых тэхніках.

Падтрымлівае цікавыя ідэі і напрацоўкі свайго калегі і малады спецыяліст Дзмітрый Айвазоўскі, які ў гэтым годзе пачаў выкладаць у школе мастацтваў. Таленавітыя мастакі адразу знайшлі ўзаемаразуменне, падтрымліваюць творчыя ідэі адзін аднаго, разам ствараюць цікавыя работы і нават выкладаюць сумесна некаторыя заняткі. Гэта і нядзіўна, ім ёсць чаму навучыцца адзін у аднаго. Мастакі пішуць прыгожыя карціны, ствараюць керамічныя і гліняныя шэдэўры, а галоўнае маюць жаданне тварыць і перадаваць назапашаны вопыт і веды сваім выхаванцам.
Кацярына РУДЗІК, "Ашмянскі веснік"
Комментарии (0)