Гродненщина - вчера и сегодня

Пацеркі каралевы, або Як на Астравеччыне ўбіраюць абляпіху

05.10.2017.
Не намі прыдумана, што бясконца глядзець можна на тры рэчы: як гарыць агонь, цячэ вада і працуе чалавек. Неаднойчы, праязджаючы дарогай, якая вядзе з Астраўца на Кавалі, лавіла сябе на думцы: у гэтым спісе складаемых шчасця не хапае толькі… абляпіхі! Немагчыма адвесці вачэй ад гэтых дрэўцаў-модніц, якія напрыканцы лета ўбіраюцца ў бліскучыя жоўтыя і аранжавыя пацеркі – і стаяць, нібыта каралевы.

Калі ў верасні кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Світанак-Л” Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі прапанаваў мне прыняць удзел у зборы ўраджаю абляпіхі, з задавальненнем згадзілася.

Па дарозе на ўчастках, дзе вырошчваецца абляпіха, дзялюся з Чаславам Станіслававічам сваімі думкамі-назіраннямі.

– Трапна заўважылі, – пагаджаецца фермер. – Абляпіха і сапраўды – каралеўская культура. У ёй усё каштоўнае: плады, лісце, насенне, кара. Абляпіха багатая на сератанін, вітаміны С, В, В1, фоліевую кіслату – утрымлівае ледзь не ўсю перыядычную сістэму карысных мікраэлементаў і вітамінаў. Ну проста ўнікальная расліна!

І з гэтым немагчыма не пагадзіцца. Зажыўляльныя, аздараўляльныя ўласцівасці абляпіхі пацверджаны даследаваннямі і сведчаннямі людзей, якім яна дапамагла паправіць здароўе.

Адкрыўшы некалькі гадоў назад для сябе абляпіху, Часлаў Станіслававіч пасябраваў з ёй: дрэўцы штогод аддзячваюць гаспадару добрым ураджаем.

Плады абляпіхі можна збіраць і ўручную, і механізавана – з дапамогай камбайна.  На фермерскай гаспадарцы абралі менш затратны і эфектыўны метад.

ablyapiha_01.jpg

– Працэс збору ягад абляпіхі ўручную – працаёмкі і дастаткова складаны, улічваючы тое, што дрэва пакрываюць колкія шыпы. Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што да 90 працэнтаў усё укладзенай у гэту расліну працы – уборка ўраджаю. Мы не сталі выдумляць кола і абралі, як мне здаецца, найбольш рацыянальны метад – галінкавы, – раскрывае сакрэты абляпіхаводства Часлаў Станіслававіч.

Узброіўшыся сякатарамі, Галіна Ястрэмская, Галіна Свіла, Тарэса Мілаш, Галіна Макевіч і Наталля Сідарук спрытна выдалялі з дрэўцаў “лішнія” галінкі.

ablyapiha_00.jpg

– Пры такім спосабе збору абляпіхі выдаляюцца слабейшыя галінкі – тым самым мы аздараўліваем расліну і збіраем ураджай, – тлумачыць Часлаў Станіслававіч. – Затым галінкі дзелім на некалькі частак, складваем у кантэйнер і падвяргаем так званай шокавай замарозцы. У такім стане яны могуць захоўвацца хоць круглы год! Патрэбны ягады – дастаў галінку з маразільніка, паклаў яе ў поліэтыленавы пакет, стукнуў – усе ягады да адной аддзеляцца ад галінкі.

…Толькі добра разгледзеўшы дрэвы і паназіраўшы за спрытнымі рухамі жанчын, якія вокаймгненна, як прафесійныя цырульнікі, рабілі “стрыжку” дрэвам, зразумела, чаму абляпіха атрымала такую назву: ягадкі-пацеркі настолькі абляпілі галінкі, што нават галоўка запалкі паміж імі не пралезе.

Азіраюся, каб занатаваць у памяці гэтых, апранутых у сукенкі з пацерак, прыгажунь… Што ж, калі дажджлівай асенняй парой  ці доўгімі зімовымі вечарамі будзе сумна і слатліва на душы, дастану з маразільніка некалькі ягадак. Веру: шчасця прыбавіцца!

 
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ


* Абляпіхавы сок – цудоўны сродак ад кашлю.

* Плады абляпіхі – натуральны полівітамінны канцэнтрат, які  ў  замарожаным выглядзе захоўваецца да самай вясны.

* Абляпіхавае масла – каштоўны сродак для лячэння гіпа- і авітамінозаў. Стымулюе аднаўляльныя працэсы ў па-шкоджаных тканках.

* Адвар насення дзейнічае як паслабляльны сродак.

* У пладах абляпіхі ўтрымліваецца сератанін – так званы гармон шчасця.


ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ:

Першы ў Беларусі цэнтр па захаванні ласасёвых рыб адкрыўся ў Астравецкім раёне

На Астравеччыне ў натуральнае асяроддзе пражывання былі выпушчаны 18 ланяў


Японская дэлегацыя наведала Астравеччыну



Алена ГАНУЛІЧ, "Астравецкая праўда"
Комментарии (0)