Гродненщина - вчера и сегодня

Броўскія сустрэчы: сёлета Ганне Лінкевіч споўніцца 105!

04.02.2009.
    Вёска Броўск Дабравольскага сельсавета Свіслацкага раёна адзначана дыпломам абласнога агляду-конкурсу 2008 года па добраўпарадкаванню. Як мяркуюць краязнаўцы, назва вёскі пайшла ад слова броўка – ускраек лесу. У 1897 годзе гэта была сядзіба белавежскай удзельнай акругі Пружанскага павета Гродзенскай губерні. А сёння – цэнтр Броўскага лясніцтва. З дагледжанымі пабудовамі, утульнымі дварамі, вакол якіх шуміць-гамоніць Белавежская пушча.
    У вёсачцы каля сарака жыхароў. У асноўным работнікі лясніцтва. Жывуць тут і маладыя сем’і, і пенсіянеры. Самая старэйшая – Ганна Сяргееўна Лінкевіч.
    
    Ганніна багацце
    Ганна Сяргееўна толькі на які дзесятак гадоў малодшая за Броўск. Бо сёлета, калі Бог дасць, ёй споўніцца 105!
    
    Вёска Міхнаўка, адкуль родам, цяпер за мяжой, на тэрыторыі суседняй Польшчы. Ад Броўска недалёка. Калі ляснымі сцяжынкамі, праз лес ды балота, вёрст 18 будзе. А калі канём па наезджанай лясной дарозе – цэлых 25 набярэцца. А ў Броўск “замуж прыйшла”. І было гэта ў 1934-м.
    – А ўжо ж нажылася – на пяцярых хопіць, – уздыхае Сяргееўна і выцягвае з даўніны ўспамін за ўспамінам.
    
    Падчас бежанства, у 1914-м, сям’я аказалася ў Казанскай губерні, адкуль на радзіму вярнулася толькі праз пяць гадоў. Там Ганна ў школу пайшла. Якраз рэвалюцыя пачалася. На гэты конт некалькі вершаў як сапраўдная артыстка дэкламуе.
    
    Калі ж пабралася з Васілём і ў Броўск перайшла, сваімі рукамі хату ўзвялі. Двое дзяцей нарадзіліся. А потым вайна. Сем’і навакольных пушчанскіх вёсак вораг вывозіў, а на жытло “чырвоны певень” пускаў...
    
    Лінкевічы аказаліся ў Беластоку. У лагеры. Потым мужа на жалезную каляю пагналі, а яна “па людзях” хлеб зарабляла. Дзеці жабравалі. Так і карміліся ў няволі цэлых тры гады.
    – А калі ўсё закончылася, – успамінае, – дамоў вярнуліся. Зноў будаваліся. Цяжка – не тое слова. То займ дзяржаве плацілі, то “халасцяцкія”. Каб апошніх пазбавіцца, трэба было трэцяе дзіця ў сям’і мець. Бог даў яшчэ адну дачушку...
    
    Памёр муж, з якім паўвека душа ў душу пражылі. Потым дзве дачкі ва ўзросце 70 гадоў.
    – Ганна Сяргееўна, – цікаўлюся, – а вы ў жыцці хварэлі?
    – Аслепла на адно вока – аперацыю ў Гродна зрабілі, лёгкая была аперацыя, доктар харошы-харошы... А так, ніякіх таблетак не піла і не п’ю... Вядома, столькі ж пражыць – здароўе трэба, – пагаджаецца бабуля. – Галоўнае, каб не хвалявацца па-пустому. І працаваць. Праца чалавека трымае. Мы з мужам тры хаты пабудавалі. Першая згарэла, другую немец спаліў. У трэцяй жывём сёння...
    
    Жыве Ганна Сяргееўна з дачкой і ўнучкай. Любоў Васільеўна ў свой час узначальвала аддзяленне сувязі ў недалёкай Ціхаволі, цяпер на пенсіі. А яе дачка Святлана Вячаславаўна – настаўніца. Бабуля ўнучкай не нахваліцца: і разумніца (два ўніверсітэты закончыла, цяпер пушчанскіх дзетак вучыць), і добрая, і ўважлівая.
    
    У бабулі Ганны шэсць унукаў, чатырнаццаць праўнукаў і сем прапраўнукаў. Праўда, цяпер яна не памочніца ў хаце. Але добра, што на сваіх нагах...
    
    Лясное прыцягненне
    Менавіта так лічыць былы ляснічы Броўскага лясніцтва Іван Замулка, калі гаворка заходзіць пра людзей, якія жывуць у пушчы. Ён прыехаў у раён з суседняга Камянецкага раёна. Лясную прафесію абраў на ўсё жыццё. Апошнія 30 гадоў узначальваў лясніцтвы. Спачатку ў Ашчэпе, потым 12 гадоў у Броўску.
    – Хоць і лес, але тут сапраўдная цывілізацыя. Лясны пасёлак вырас у 1961-м на базе былога егерскага ўчастка. Узвялі прыгожы драўляны дом лясніцтва, два жылыя кардоны, яшчэ некалькі дыхтоўных жылых будынкаў. Побач рэчка Нараў, возера. Мне заўсёды падабалася ў лесе, – з нейкай сардэчнай цеплынёй кажа Іван Герасімавіч. – Свабодна, лёгка, прыгожа...
    – Прыгажосць стварыла не толькі прырода, але і людзі, якія тут жывуць і працуюць, – дапаўняе сакратар Дабравольскага сельвыканкама Ніна Барэль. – Дбаюць аб сваіх сядзібах Іван Філіновіч, Любоў Лінкевіч, Георгій Грыгаровіч і іншыя. Са старэйшых маладыя прыклад бяруць. І што цікава, калі пусцее дамок, не спяшаюцца яго прадаваць. Едуць на адпачынак у родны кут, не даюць згаснуць сядзібе. Так што трэцяе месца ў абласным конкурсе – не выпадковае для Броўска.
    
    Дарэчы, у апошнія гады яшчэ дзве вёскі сельсавета – Тушамля і Нямержа таксама былі лідэрамі ў абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванню. Пушчанцы – людзі адданыя. Лесу і малой радзіме.
    
Галіна РАМАНЧУК
Фото Ганна ЛІНКЕВІЧ
Гродненская правда
Комментарии (0)