Гродненщина - вчера и сегодня

Вяртанне Паўночных Афін: як у музеі-сядзібе ў Залессі адрадзілі балі часоў Агінскага

11.01.2017,
Сярод намінантаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта  Беларусі Аляксандра Лукашэнка дзеячам культуры і мастацтва 2016 года  – калектыў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Музей-сядзіба” М.-К. Агінскага” з вёскі Залессе на Смаргоншчыне. Ён узнагароджаны за стварэнне і рэалізацыю праекта “Вяртанне Паўночных Афін”, які скіраваны на ўсебаковую папулярызацыю спадчыны кампазітара, у тым ліку і праз адраджэнне традыцыі  баляў падчас святкавання Ражаства Хрыстова і дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.
Галоўная мэта праекта “Вяртанне Паўночных Афін”, як засведчыла дырэктар гісторыка-культурнай установы ў Залессі  Людміла Градзіцкая, – паказаць жыццёвы шлях Міхала Клеафаса  і яго душэўна-эмацыянальны стан, адрадзіць і аднавіць тыя традыцыі, якія панавалі тут у эпоху Агінскага.
Таму, калі яшчэ ішлі работы па рэканструкцыі сядзібы, калектыў пачаў думаць над тым, якім зместам напоўніць будучую ўстанову.
Так пачаў стварацца культурна-мастацкі цэнтр.
Калі ў Залессі святкавалі 200-годдзе сядзібы, у Людмілы Градзіцкай  узнікла ідэя правядзення анімацыйных экскурсій для турыстаў. У іх удзельнічае ўвесь калектыў музея-сядзібы, 19 чалавек, прычым не толькі творчыя супрацоўнікі, але і тэхнічныя з задавальненнем і майстэрствам выконваюць свае ролі.
За мінулыя гады змяняўся сюжэт экскурсій, імёны герояў, але самі экскурсіі засталіся і падабаюцца прыезджым турыстам, – распавяла Людміла Градзіцкая. – Райвыканкам дапамог нам набыць стылізаваныя касцюмы XIX стагоддзя, і зараз турыстаў на парозе сядзібы сустракае жонка кампазітара Марыя дэ Неры, члены яго сям’і і госці. Экскурсанты пераносяцца ў эпоху Агінскага, атмасферу Паўночных Афін ствараюць музейная экспазіцыя, экскурсія, музыка, якая гучыць у пакоях. І, вядома ж, не забыты славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”.
У праекце “Вяртанне Паўночных Афін” удзельнічаюць вядомыя музычныя калектывы.
Тройчы выступаў з канцэртамі заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад упраўленнем Міхаіла Фінберга, часта гучыць музыка ў выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, ансамбля старадаўняй музыкі “Вытокі”.
Знакавым для праекта “Вяртанне Паўночных Афін” стала  адраджэнне баляў, якія праводзіліся ў Залескай сядзібе, калі тут жыў Міхал Клеафас  Агінскі.
У 2015 годзе пачалі праводзіць Калядныя балі. На імпрэзу запрасілі ўсіх жадаючых. Артысты былі апранутыя ў тыя касцюмы, якія апісвалі сучаснікі гаспадара Паўночных Афін, а для гасцей існаваў дрэс-код. Гасцей вучылі танцаваць старажытныя танцы, гуляць у гульні.У канцэртнай зале гучала тагачасная музыка.
img_5340.jpg
Адрадзілі і дзіцячыя балі ў тым стылі, у якім яны праходзілі ў эпоху Агінскага і  засталіся ва ўспамінах сучаснікаў.
У мінулым годзе прайшлі тры такія балі, – нагадвае дырэктар музея-сядзібы.  – Калі на іх весяліліся дзеці, мы імкнуліся заняць і дарослых, якія прыехалі з імі, – арганізавалі для іх салонныя гульні, экскурсіі.  У 2016 годзе дзень нараджэння Агінскага адзначылі балем “Поры года”.  Яго апісанне знайшлі ў творы сучасніцы Агінскага Габрыэлі Пузыны, і пастараліся аднавіць. Зараз плануем зрабіць баль “Поры года” брэндавым для Залесся і праводзіць яго штогод да дня нараджэння кампазітара.

10 студзеня на сцэне Палаца Рэспублікі ў Мінску дырэктар дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Музей-сядзіба М.-К. Агінскага” Людміла Градзіцкая прымала заслужаную ўзнагароду – спецыяльную прэмію дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2016 года.
Дыплом лаўрэата і словы віншавання ад Прэзідэнта Беларусі Людміла Градзіцкая прымала з вялікім хваляваннем:
Пачынаючы сваю дзейнасць, мы ўсе хацелі, каб яна прынесла плён людзям, якія да нас прыязджаюць, каб яны сапраўды адчувалі ў нас атмасферу Агінскага.У Палацы Рэспублікі, прымаючы на сцэне дыплом, думала пра вялікую адказнасць, з якой трэба працаваць надалей. Вельмі хвалюючай была атмасфера свята – працэдура ўзнагароджання, вялікі Калядны канцэрт, сустрэча з іншымі намінантамі  – духавенствам, дзеячамі культуры і мастацтва, спартсменамі.
Рада, што ўдзельнікаў імпрэзы зацікавіла выстава з фондаў музея, якую мы дэманстравалі ў Мінску. Думаю, яна таксама стала крокам да папулярызацыі нашай дзейнасці.
Лічу, што наша ўзнагарода – гэта вынік працы не толькі работнікаў музея-сядзібы, але і мясцовай улады, членаў  фонда “Паўночныя Афіны М.К. Агінскага”, залесцаў, усіх, хто аб’яднаны асобай нашага слыннага земляка.
Мы працягваем прымаць экскурсіі, рыхтуем Калядныя сустрэчы, якія пройдуць у гэтую суботу. Сёлета на іх, акрамя танцаў і традыцыйнага балю, выступіць ансамбль салістаў  “Класік-Авангард”, адбудзецца сустрэча з ураджэнкай Залесся паэткай з Масквы  Вольгай Роўнай, якая сёлета стала лаўрэатам конкурсу “Песня года”.
Багатая мясцовая зямля на таленты, творчыя традыцыі працягваюцца.

Фото oginskizalesse.by
Наталія ВАЛЫНЕЦ
Комментарии (0)