Стажыроўка ў радыёлакацыйным ўзводзе і адданасць справе. Як жывуць і аб чым мараць курсанты ваеннага факультэта?

Будучыня Узброеных Сіл, арміі – за курсантамі. Афіцэрскія кадры ў Беларусі рыхтуюць у Ваеннай акадэміі, а таксама на ваенных факультэтах галоўных вышэйшых навучальных установаў краіны.

1033777895.jpg

Сярод абаронцаў Айчыны з літарай “К” на пагонах нямала нашых зямлякоў. Адзін з іх – курсант 4-га курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Яўген Антончык.

Нарадзіўся ён у гарадскім пасёлку Казлоўшчына. З дзяцінства Яўген цікавіўся арміяй, вельмі любіў глядзець фільмы на ваенную тэматыку. З цягам часу пачаў чытаць творы аб ваенным часе і подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

У старэйшых класах я задаўся мэтай паступіць на ваенны факультэт, – расказаў Яўген. – Па парадзе сяброў абраў менавіта спецыяльнасць “сістэмы радыёлакацыі і радыёнавігацыі”на ваенным факультэце ў БДУІР. Паступіць у адну з лепшых ВНУ ў краіне складана, але я шмат рыхтаваўся.

Аб сваім выбары курсант за чатыры гады ні разу не пашкадаваў. Яўгену падабаюцца і вучэбна-матэрыяльная база факультэта, і выкладчыкі, якія, па словах хлопца, з’яўляюцца прафесіяналамі, даступна тлумачаць матэрыял, умеюць выклікаць цікавасць і прыцягнуць увагу да той ці іншай дысцыпліны.

На занятках спаць не хочацца, – з усмешкай заўважыў вайсковец, – кожная пара вельмі пазнавальная і цікавая. Я жадаю стаць сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, падрыхтаваным спецыялістам.

Курсанту Антончыку добра запомнілася яго стажыроўка, якую ён праходзіў на пасадзе камандзіра радыёлакацыйнага ўзвода ў адной з вайсковых часцей. Там ён атрымліваў практычныя навыкі ў рабоце з асабістым складам, праводзіў спартыўна-масавую работу, вучыўся выхоўваць падначаленых.

Яшчэ ў школе я пачаў актыўна займацца спортам – гуляў у футбол, займаўся шматбор’ем, – заўважыў Яўген. – Гэта спатрэбілася мне цяпер. У складзе зборнай факультэта я стаў чэмпіёнам сярод ваенных факультэтаў краіны па міні-футболе. Афіцэр у першую чаргу павінен быць прыкладам для моладзі. Таму здаровы лад жыцця – паўсядзённая норма кожнага курсанта.

Яўген карыстаецца аўтарытэтам не толькі сярод курсантаў, але і камандзіраў. Яны сыходзяцца ў меркаванні, што наш зямляк заўжды дапаможа, і на яго можна разлічваць пры выкананні самых складаных і адказных задач.

Курсант Антончык адзін з тых, у кім упэўнены кожны камандзір, – расказаў намеснік начальніка ваеннага факультэта БДУІР па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Аляксандр Балабанаў. Ён заўжды праяўляе ініцыятыву, актыўна ўдзельнічае ў жыцці факультэта і рэгулярна дэманструе свае магчымасці на розных спаборніцтвах. Калі задачу выконвае Яўген, я ўпэўнены: ён не падвядзе.

ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ



Редакция газеты «Гродненская правда»