Кіраўнік СВК "Прагрэс-Верцялішкі" Герой Беларусі Васіль Равяка - аб аграрных стымулах і сакрэтах рэкордаў ураджаю

Кіраўнік СВК "Прагрэс-Верцялішкі" Герой Беларусі Васіль Равяка - аб аграрных стымулах і сакрэтах рэкордаў ураджаю

Васіль Равяка кіруе гаспадаркай амаль тры дзесяцігоддзі.

Амаль тры дзесяцігоддзі кіруе вядомай гродзенскай гаспадаркай «Прагрэс-Верцялішкі» Герой Беларусі кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль РАВЯКА. Працоўны шлях яго пасля заканчэння Рэчыцкага зааветтэхнікума пачынаўся ў акцябрскім калгасе «Заазер'е», потым была служба ў арміі, піша СБ.

Вышэйшую заатэхнічную адукацыю малады спецыяліст атрымаў у Гродзенскім сельгасінстытуце і назаўсёды звязаў лёс з Панямоннем. Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, абараніў дысертацыю кандыдата сельгаснавук.

За гады старшынёўства ў Верцялішках падняў планку культуры земляробства на недасягальную для многіх вышыню. Па ўраджайнасці збожжавых гаспадарка стабільна трымаецца ў рэспубліканскіх лідарах. І сёлета кожны гектар хлебнай нівы дае амаль па сто цэнтнераў зерня. СВК «Прагрэс- Верцялішкі» — адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў краіны.

Пра выключныя заслугі Васіля Апанасавіча сведчаць Зорка Героя і званне «Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі», а таксама ордэн «Знак Пашаны», медаль «За працоўныя заслугі», юбілейныя медалі, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, Мінсельгасхарча.

Двойчы выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Дэпутат абласнога Савета дэпутатаў. Старшыня перадавой гаспадаркі прызнаны «Чалавекам года Гродзеншчыны» і ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна. Партрэт яго ўпрыгожвае Дошку гонару выпускнікоў Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта.

У кожны прыезд у гродзенскія Верцялішкі не перастаю захапляцца прыгажосцю аграгарадка. Уздоўж заасфальтаваных вуліц акуратна забрукаваныя тратуары. Катэджы і шматкватэрныя дамы патанаюць у зеляніне дрэў, у кожным агародчыку буйства кветак. Маладыя маці з немаўлятамі ў калясках прагульваюцца па цяністай алеі, што вядзе да цэнтральнай плошчы. Упрыгожваюць яе Палац культуры, адміністрацыйны будынак гаспадаркі, магазіны. Побач узняўся крыжом да неба новы чырвонакаменны касцёл.

Парадак пануе і ў вытворчай зоне, да якой усё бліжэй падступаюць жылыя кварталы абласнога цэнтра.

Наш аграгарадок забудоўваўся на працягу дзесяцігоддзяў, — пачаў размову Васіль Равяка, Герой Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук, старшыня СВК «Прагрэс-Верцялішкі». — Спачатку ўзводзілі жыллё рознага тыпу. Жыццё паказала, што адна- і двухпакаёвыя кватэры, як правіла, не задавальняюць патрэбы нашых жыхароў. У апошнія гады будуем толькі трохпакаёвыя. Узводзіліся дамы з цэнтральным ацяпленнем. І летнім часам трэба прасушыць адзенне і прылады працы. З гэтай мэтай кватэры сталі абсталёўваць індывідуальнымі цеплавымі катламі, каб гаспадары самастойна маглі вызначаць цеплавы і вільготны рэжым у любы час года.

Жыццё падказала і як найлепш уладкаваць прыдамавыя тэрыторыі. На цэнтральнай сядзібе, у аграгарадку Верцялішкі, пражывае 3200 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі сельскай інтэлігенцыі: урачы, настаўнікі, работнікі культуры. Агульная думка жыхароў прывяла да рашэння пабудаваць гаспадарчы блок асобна ад жылля, каб жадаючыя мелі магчымасць займацца хатняй гаспадаркай, але і не заміналі прыемнаму адпачынку суседзяў. Час пацвердзіў правільнасць такога рашэння. Ганарымся тым, што на цэнтральнай сядзібе ў 2014 годзе ўведзена ў эксплуатацыю паліклініка на 50 штодзённых наведванняў з дзённым стацыянарам. Дзейнічае цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту. Вырашылі, што ў іх павінна быць магчымасць самарэалізацыі, асабліва ў асенне-зімовы перыяд. Жыхары гэтай катэгорыі цяпер цудоўна бавяць вольны час.

Падтрымліваем культавыя ўстановы, якія размешчаны на тэрыторыі гаспадаркі. Выглядаюць яны прывабна.

Без перабольшання, наша сярэдняя школа, дзіцячы садзік — узоры эстэтыкі на вёсцы. Укладваем у іх значныя сродкі.

Запатрабаваныя ў жыхароў аграгарадка цэнтр культуры, фірменные магазіны.

— Васіль Апанасавіч, амаль за тры дзесяцігоддзі кіравання гаспадаркай ці ўсё задуманае здзейснена?

— Шмат планаў было з самага пачатку старшынёўства, і ўсе яны ажыццёўлены. Узнікаюць новыя ідэі, імкнёмся іх рэалізоўваць. Займаемся не толькі вытворчасцю прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, а і часткова перапрацоўваем прадукцыю ферм. Прыбытак дае садоўніцтва. Эфектыўна працуюць падсобныя промыслы.

— Ці ёсць сэнс займацца перапрацоўкай малака і мяса ў гаспадарцы, калі ў краіне дзейнічаюць спецыяльныя буйныя прадпрыемствы?

— Многія лічаць, што самастойна перапрацоўваць сваю прадукцыю эканамічна выгадна. Не зусім згодны. На буйных прамысловых перапрацоўчых прадпрыемствах вытрымліваюцца дзяржаўныя стандарты якасці прадукцыі, наладжана адпаведная вытворчая тэхналогія. Мы ў невялікіх аб'ёмах перапрацоўваем прадукцыю ферм. Лічу, што ад гэтага трэба адыходзіць. Асаблівага прыбытку няма. Наша асноўная задача — нарошчваць аб'ёмы выпуску прадукцыі палёў і ферм. Важна мець свайго на­дзейнага кампаньёна для рэалізацыі яе.

Без новых тэхналогій немагчыма развівацца, таму імкнёмся пастаянна ўкараняць усё перадавое ў сябе. Моцную сувязь падтрымліваем з Гродзенскім дзяржаграўніверсітэтам. На базе малочна-таварнага комплексу «Рыдзелі» адкрылі навукова-практычны цэнтр для заняткаў будучых спецыялістаў для жывёлагадоўчай галіны.

97a2255c9afbf656d4e2e07dda468ec6.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»