Шчучынская птушкафабрыка канчаткова перайшла на вырошчванне курэй гібрыднага венгерскага кроса Тэтра, які замяніў англійскі крос Хай-Лайн

Шчучынская птушкафабрыка канчаткова перайшла на вырошчванне курэй гібрыднага венгерскага кроса Тэтра, які замяніў англійскі крос Хай-Лайн

Дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій тут выводзяць самых якасных курачак на тэрыторыі былога СССР. Не дзіва, што шчучынскае прадпрыемства за кароткі тэрмін стала вядомым на ўсю Беларусь брэндам і сёння забяспечвае куранятамі 11 айчынных яечных птушкафабрык з 14 існуючых.

Трапіць у самае сэрца нашай птушкафабрыкі – інкубатар– аказалася няпроста, расказвае карэспандэнт  "Дзянніцы". Гэта закрыты аб’ект, доступ куды дазволены толькі яго абслугоўваючаму персаналу, а гэта – 18 спецыялістаў. Ды і тыя перад уваходам павінны абавязкова прыняць душ і пераапрануцца ў спецыяльныя стэрыльныя касцюмы. Усё для таго, каб выключыць магчымасць заражэння куранят рознымі інфекцыямі.

22.jpg

33.jpg

– Наш інкубатар адзіны ў краіне, які амаль цалкам працуе на патрэбы іншых беларускіх птушкафабрык, – зазначае начальнік цэха інкубацыі аддзялення “Доўгая” ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” Лідзія Чарніцкая.

Кожны месяц мы рэалізуем да 300 тысяч маленькіх курачак. Штодзень завозім сюды каля 30 тысяч інкубацыйных яек. У нас налічваецца 12 інкубацыйных шафаў, у кожную з якіх змяшчаецца 38,4 тысячы яек.

Унутры камп’ютар падтрымлівае аптымальны мікраклімат. Тэмпература паветра першыя тры дні ўтрымліваецца на ўзроўні +38 градусаў, а затым паступова зніжаецца. Справа ў тым, што эмбрыён унутры яйка развіваецца і расце, таму павялічваецца цеплааддача. Каб ён не пераграваўся, спецыяльная праграма паніжае тэмпературу ўнутры шафы. Для раўнамернага падагрэву ўсе яйкі аўтаматычна паварочваюцца кожную гадзіну. На 21 дзень з моманту закладкі вылупляюцца кураняты, 48-50% з якіх – курачкі. У месяц мы атрымліваем 10-11 вывадаў.

Кураняты адразу трапляюць на спецыяльную лінію, дзе сартуюцца. Затым маленькія курачкі пагалоўна праходзяць абавязковую вакцынацыю ад хвароб. У цэху падтрымліваецца тэмпература +25 градусаў, каб птушак не прадзьмула.

44.jpg

55.jpg

 – У дзень разам з трыма аператарамі вакцыную па 30 тысяч курачак, якія рухаюцца па канвееры, – дзеліцца ветурач Вікторыя Радзевіч.Затым мы складваем іх у пластыкавыя скрыні па 80 штук. Птушкі дадаткова праходзяць апрацоўку спрэем і загружаюцца ў спецыялізаваны аўтамабіль, у кузаве якога падтрымліваецца аптымальныя тэмпература і вільготнасць, а таксама працуе вентыляцыя.

Усяго 12 гадзін адводзіцца спецыялістам Шчучынскай птушкафабрыкі на вывад, сартаванне і вакцынацыю куранят. Столькі ж часу займае дастаўка птушак у самыя аддаленыя куточкі Беларусі.

У курэй гібрыднага венгерскага кроса Тэтра працэнт вываду куранят вышэйшы, чым у англійскага Хай-Лайн, аднак першыя больш патрабавальныя да кармлення, – гаворыць дырэктар ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” Андрэй Красоўскі. Нашы тэхнолагі распрацоўваюць і балансуюць кармы, якія мы робім самастойна толькі з высакаякасных кампанентаў. Пры неабходнасці аператыўна мяняем рэцэптуру. Пры такім падыходзе птушкі хутка набіраюць вагу і нясуць шмат яек. Першае яйка курачка дае ў нас на 105-ы дзень свайго жыцця, аднак пікавы разнос пачынаецца праз 140-160 дзён. Тэрмін тэхналагічнага выкарыстання звычайных нясушак складае 95 тыдняў з дня нараджэння, а бацькоўскага статка – 72 тыдні, з якіх 20 тыдняў птушкі растуць, а астатнія 52 – нясуць інкубацыйныя яйкі.

66.jpg

 Аб тым, што курачкі, выведзеныя на Шчучынскай птушкафабрыцы, самыя якасныя на ўсёй постсавецкай прасторы, красамоўна гаворыць той факт, што параметр гібелі куранят у першыя 7 дзён жыцця тут складае ўсяго 0,2% – гэта ў дзесяць разоў ніжэй за афіцыйна ўстаноўлены тэхналагічны рэгламент.

У месяц мы рэалізуем звыш мільёна яек па ўсёй Беларусі, – працягвае Андрэй Віктаравіч. – Прычым, у адрозненне ад усіх нашых канкурэнтаў, прадаём выключна сутачныя яйкі. Першыя сем дзён яны з’яўляюцца дыетычнымі і ўтрымліваюць максімум карысных рэчываў. Да прыкладу, у гэты перыяд кальцый засвойваецца ў арганізме чалавека на 99%. Многія ацэньваюць якасць яек па колеры жаўтка: чым ён насычаны – тым лепш. У адносінах да дамашніх яек гэта сапраўды так. А вось у прамысловым птушкаводстве з-за недахопу сонца ў курыных яйках не хапае караціноідаў, таму жаўткі больш бледныя. Але зараз некаторыя вытворцы ўводзяць у рацыён птушак спецыяльныя кампаненты, якія штучна падфарбоўваюць жаўткі. Мы гэтага не робім прынцыпова, таму наша прадукцыя экалагічна чыстая і адпавядае ўсім сучасным стандартам. Магу падзяліцца яшчэ адным сакрэтам: чым горш чысціцца ад шалупаек зваранае яйка, тым больш яно якаснае. Уся справа ў асаблівасці бялку: з цягам часу ўнутры ён усыхаецца, і з’яўляецца паветраная камера. А вось у свежазнесеных яйках яе быць не можа. Можаце праверыць гэта на нашай прадукцыі!

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»