Штораніцы Святлана Ропат адпраўляецца на работу ў незвычайны “дзіцячы садок”. Незвычайны – таму што яе выхаванцы не дзеці, а цяляты

Святлана Ропат – аператар жывёлагадоўчага комплексу “Вішнева”.

Святлана Ропат – аператар жывёлагадоўчага комплексу “Вішнева”. За шматгадовую добрасумленную працу да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці яе ўзнагародзілі Падзячным лістом старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.
Цяляты трапляюць у клапатлівыя рукі Святланы Чаславаўны ва ўзросце 2 – 3 месяцаў, калі дасягаюць вагі 80 кг. Тады ўжо менавіта яна адказвае за іх паенне, кармленне, раздачу канцэнтратаў, чыстку. “Кармы такім маленькім раздаём уручную, не трактарам падвозім, - расказвае Святлана Чаславаўна. – Няньчым, калышам, лечым, як хварэе (лекі, безумоўна, прызначае ветэрынар, але нагляд за хворым павінен быць з усіх бакоў)”.
Працаваць на жывёлагадоўчы комплекс Святлана прыйшла зусім дзяўчынкай – у 18 гадоў, па прыкладзе мамы, якая таксама шчыравала тут. І затрымалася ажно на 32 гады. Пакуль на 32, бо пакідаць сваіх гадаванцаў жанчына не збіраецца.
Комплекс працуе па прынцыпе канвеера: як толькі цяляты падрастаюць (а гэта яшчэ 2 – 3 месяцы), Святлана Чаславаўна аддае іх на наступны этап дарошчвання. Пасля гэтага мые памяшканне, праводзіць дэзінфекцыю і чакае чарговага папаўнення. “Бывае, шкада аддаваць сваіх цялят, асабліва тых, якія найбольш да цябе цягнуцца. Як, напрыклад, гэты Рыжы Ліс”, - знаёміць яна мяне з адным са 140 падапечных. Маленькі бычок Рыжы Ліс не спяшаецца падыходзіць, убачыўшы чужога чалавека, але, пазнаўшы Святлану Чаславаўну, цягнецца да яе пальцаў шурпатым языком, нібы хочучы прывітаць сваю гаспадыню.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!