У КСУП «Варняны» ўбіраюць азімы ячмень

У КСУП «Варняны» ўбіраюць азімы ячмень

Жніво сёлета стартавала на два тыдні раней, чым летась. Першымі ў раёне абмалочваць азімыя збожжавыя пачалі ў КСУП «Варняны».

Пра масавую ўборку пакуль рана гаварыць: на палях даспеў азімы ячмень і рапс.

– Уборачная кампанія ў нашай гаспадарцы пачалася на два тыдні раней, чым летась. Даводзіцца прыстасоўвацца да новых кліматычных рэалій, – каментуе жніво галоўны аграном КСУП «Варняны» Іван Дзенюш.

2.jpg

Улічваючы непрадказальнае надвор’е, у КСУП «Варняны» пачалі сеяць больш азімага ячменю, які даспявае значна хутчэй за астатнія збожжавыя культуры.

– Азімы ячмень – добрая падтрымка для нашай кармавой базы. Гэта першае збожжа і першая салома, тым больш што ў апошнія гады з-за кліматычных умоў азімы ячмень больш ураджайны за за яравы, – працягвае Іван Станіслававіч. – Паколькі ён ранні, паспявае сфарміраваць колас яшчэ да засухі. Сёлета ён сыплецца пад 30 цэнтнераў з гектара.

У апошнія гады структура збожжавых культур у КСУП «Варняны» моцна не мяняецца: ячменем занята 1 400 гектараў, пад авёс адведзена – 200, пад пшаніцу – 370 гектараў.

8.jpg

Па словах галоўнага тэхнолага варнянскіх палёў, азімы ячмень пакуль убіраюць тры камбайны, а на масавай уборцы будзе задзейнічана шэсць. 

Праўда, у дзень майго прыезду, у полі працаваў толькі адзін камбайн – на жаль, не толькі надвор’е, але і тэхніка падводзяць хлебаробаў.

Камбайнер Віктар Міхалоўскі і яго памочнік Генадзь Трыбоцкі разам працуюць трэці сезон. Прагнозы на ўраджай мужчыны рабіць адмовіліся: маўляў, толькі ўборку пачалі.

5.jpg

– Галоўнае, каб камбайн не ламаўся, а за намі справа не пастаіць, – Віктар Міхалоўскі хутка заскочыў у кабіну камбайна, каб прадоўжыць свой шлях да Яго Вялікасці Хлеба.

На змену камбайну заступіў прэс-падборшчык, на якім больш за 10 гадоў працуе Віктар Таргонскі.

1.jpg

– За дзень, здараецца, і сто шпулек накручу, – расказвае мужчына. – Усё залежыць ад масы саломы. Тут, на варонскіх землях, ячмень нядрэнна ўрадзіў. 

З поля на зернесушылку збожжа адвозяць некалькі машын.

3.jpg

– Напачатку ўборкі вільготнасць збожжа была каля 12 %, нават дасушваць яго не трэба было! Праганялі на зернесушыльным комплесе «ЛідАрай», частку пакідалі на патрэбы жывёлагадоўлі і здавалі на Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў, – расказвае галоўны аграном Іван Дзенюш. – Паралельна з уборкай працягваецца корманарыхтоўка. Работы хапае на ўсіх франтах.


У тэму

Па аператыўных зводках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 10 ліпеня азімы ячмень убіраюць дзве гаспадаркі раёна КСУП «Гудагай» і «Варняны». Абмалочаны 131 заняты гэтай культурай гектар, ураджайнасць збожжа – 28,3 цэнтнера з гектара. Рапс убіраюць усе гаспадаркі раёна. З 370 гектараў хлебаробы намалацілі 838 тон насення.