Рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш” перанесла ўдзельнікаў на тры стагоддзі назад

На тры стагоддзі назад перанесла ўдзельнікаў рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш”.

Узнавілі ў раёне гэту добрую традыцыю ў мінулым годзе, калі “Свіслацкі кірмаш” прайшоў у рамках рэалізацыі праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва згодна з праектам Еўрасаюза “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач”. І сёлета жыхары  раёна і шматлікія госці змаглі пабачыць рэканструкцыю Свіслацкага Успенскага кірмашу, які ўпершыню адбыўся ў 1792 годзе дзякуючы тагачаснаму ўладальніку мястэчка графу Вінцэнту Тышкевічу, сенатару Вялікага княства Літоўскага.

Сярод ганаровых гасцей – дэпутат Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Коханаў, дэлегацыі Літвы, Латвіі, Польшчы і розных мест Беларусі.

Але самымі галоўнымі гасцямі былі героі хлебнай нівы з гаспадарак раёна. Бо сёлета правядзенне кірмашу супала з завяршэннем жніва.
А польскі хор “Рэха пушчы” падараваў свае каларытныя нацыянальныя песні.

Падводзячы вынікі працы хлебаробаў на раённых “Дажынках-2014”, старшыня райвыканкама Уладзімір Анішчык з задавальненнем адзначыў, што сёлета свіслацкі каравай значна пацяжэў: сабрана шэсцьдзясят шэсць з паловай тысяч тон зерневых і зернебабовых. А гэта на 17 з паловай тысяч тон больш мінулагодняга. Ураджайнасць склала больш за 40 цэнтнераў. А першае месца заслужана атрымала ААТ “Ханявічы”.

…А між тым рэканструяваны свіслацкі кірмаш гуляў, спяваў, таргаваўся. Шумна было ў пастаялых дварах, як падчас тышкевічава кірмашу, пад назвамі “Пад Арлом”, “Пад Валом”, “Пад Аленем” і іншых. Ад цэнтральнай плошчы можна было трапіць на галоўныя вуліцы Свіслачы XVIII-XIX стагоддзяў: Гродзенскую, Рудаўскую, Брэсцкую, Варшаўскую, Мсцібаўскую. На асобных з іх, як і на кірмашовай плошчы, размясціліся шматлікія рамеснікі і народныя майстры з Польшчы, Літвы, Латвіі, Брэстчыны, з розных куточкаў нашай Гродзеншчыны.

Галоўны конкурс свята – “Кветкавая феерыя” – разгарнуўся на пляцоўцы “Шляхецкі праменад”. Ладзілася і выстава карцін свіслацкіх мастакоў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў.

А вечарам Вінцэнт Тышкевіч і Тэрэза Панятоўская запрасілі моладзь і ўсіх тых, хто ўпрыгожыў свята цудоўнымі кветкамі, духмянымі караваямі і сонечнымі снапамі, на Кветкавы баль. Ён пачаўся святочным паланэзам. А потым на балі з'явіліся чароўныя Ружы і Гладыёлус, Півоня і Лілія, Фіялка і Званочак, Рамонак і Мак і шмат якія прыгажуні-кветкі.

Завяршыўся кірмаш супермега- дыскатэкай, напрыканцы якой адбылося лазернае шоу.





















































Редакция газеты «Гродненская правда»