У гарадской галерэі адкрылася выстаўка народных майстроў і мастакоў

У гарадской галерэі адкрылася выстаўка народных майстроў і мастакоў

 

 

У гарадской галерэі па вуліцы Элізы Ажэшкі адкрылася выстаўка народных майстроў і мастакоў «Творчы свет». Усё, што на ёй прадстаўлена, мае паметку «hand made».

 

Сёлета на штогадовай справаздачнай выставе народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў «Гарадзенскі каларыт» свае работы прадставілі каля 120 умельцаў. Ёсць тут і традыцыйнае мастацтва, і сучаснае. Апошняга, дарэчы, больш. Гэта валянне, бацік, роспіс па шкле, карціны са скуры. Разам з тым прысутнічае саломапляценне, ганчарства, бондарства, пляценне з лазы. Праўда, не заўсёды ў прывычным выглядзе. Вось і мастацтвазнаўца Марына Загідуліна адзначае, што традыцыйнае мастацтва, якое захавалася ў народзе, набывае новыя, сучасныя формы і стылістыку.

 

Адным з цэнтральных экспанатаў, які нязменна прыцягваў увагу наведвальнікаў, можна смела назваць аленя Святога Губерта, сплеценага ў натуральную велічыню майстрам Яўгенам Блудавым. Лялькі таксама частка традыцыйнага мастацтва, але на выставе было больш аўтарскіх вырабаў – зробленыя з пластыку, лялькі-цільды ды іншыя.

 

Кіраўнік аб’яднання Алена Курганава таксама кажа, што сярод больш як 250 майстроў «Гарадзенскага каларыту» нямногія прытрымліваюцца традыцыйнага мастацтва. Да прыкладу, у Гародні толькі Міхаіл Кукса займаецца бондарствам.

 

– Хацелася б, каб вучні з’явіліся ў нашых, як мы іх называем, сясцёр Дамінікаўных. Іх выраб велікодных вербаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, – зазначае Алена. – Сёння моладзі больш даспадобы нешта сучаснае: бацік, бісерапляценне, скрапбукінг.

 

Звычайны наведвальнік наўрад ці будзе дзяліць вырабы на традыцыйныя і не зусім. Як на маю думку, на выставу варта схадзіць, каб на свае вочы пабачыць неверагодна прыгожыя рэчы.

Редакция газеты «Гродненская правда»