Баявыя ўзнагароды прадстаўлены на выставе ў Старым замку

«Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза, ордэн Багдана Хмяльніцкага, а таксама іншыя баявыя ўзнагароды і юбілейныя медалі прадстаўлены ў Старым замку. Выстава прысвечана 70-годдзю Перамогі.

У экспазіцыі больш за 60 узнагарод, якія ўручаліся менавіта ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а ўсяго звыш двухсот экспанатаў, – распавядае загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч. – Да прыкладу, адна з вітрын прысвечана Герою Савецкага Саюза Адаму Ляшчынскаму, які жыў у Гродне. Ён памёр у 2006 годзе, а праз год яго ўдава перадала музею ордэны і медалі мужа, сярод якіх і вельмі каштоўная Зорка Героя. Ёсць у экспазіцыі і іншыя рэдкія ўзнагароды. Да прыкладу, ордэн Багдана Хмяльніцкага ІІ ступені, які ўручалі толькі палкаводцам. Асобная вітрына прысвечана польскім узнагародам.

Супрацоўнікі музея адзначаюць, што на выставе можна прасачыць усе этапы вайны. Вось першы плакат “На Отечественную войну”, датаваны 10 ліпенем 1941 года, выданне Ленінградскага саюза савецкіх мастакоў “Боевой карандаш”, іншыя плакаты, водгукі. Нарэшце погляд спыняецца на першай старонцы газеты “Звязда” ад 3 ліпеня 1945 года…

Многія ўзнагароды, якія можна ўбачыць на выставе, у свой час былі перададзены ў музей ветэранамі ці іх роднымі. Сёння гэты працэс больш складаны з юрыдычнага боку, бо патрабуе, каб усе патэнцыяльныя праваўладальнікі адмовіліся ад сваіх правоў на ўзнагароды. Канешне, мы не абавязаны аддаваць у фонды тое, што мае вялікую каштоўнасць для сям’і. Але, перадаўшы іх у музей, можна быць упэўненым, што яны, як кажуць, у надзейных руках. Так захаваюцца не толькі ўзнагароды, але і памяць пра людзей, якія былі адзначаны імі за мужнасць і вернасць Радзіме.


Редакция газеты «Гродненская правда»