Адбылася вечарына, прысвечаная Чэславу Немэну

Адбылася вечарына, прысвечаная Чэславу Немэну

16 лютага нашаму знакамітаму земляку, музыканту і кампазітару Чэславу Немэну (Выджыцкаму) споўніўся б семдзесят адзін год

     16 лютага нашаму знакамітаму земляку, музыканту і кампазітару Чэславу Немэну (Выджыцкаму) споўніўся б семдзесят адзін год.
    Творы нашага славутага земляка з вёскі Старыя Васілішкі Чэслава Немэна, які заслужана прызнаны лепшым польскім музыкантам XX стагоддзя, днямі прагучалі ў Беластоцкім універсітэце суседняй дзяржавы. Вечарыну, прысвечаную вялікаму музыканту, арганізавалі Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, універсітэт у Беластоку і Гродзенскі універсітэт імя Янкі Купалы.

    
    Чэслаў Немэн у гэты вечар аб’яднаў людзей розных поглядаў і ўзростаў, нацыянальнасцей і прафесій. У зале бібліятэкі сабраліся тыя, хто цэніць сапраўдную музыку і высокае мастацтва. Вядучы імпрэзы знакаміты музычны крытык і журналіст Дзмітрый Падбярэзскі адзначыў, што Чэслаў Немэн – цэлая эпоха ў музычнай культуры, з’ява, якая паўплывала на развіццё светапогляду цэлага пакалення…
    
    Трапятка і віртуозна выконвалі творы вядомага музыканта эстрадны аркестр “Капрыз” Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і спявак Пётр Ялфімаў. Дарэчы, для Пятра Ялфімава ўзыходжанне на музычны алімп пачалося менавіта з песні Чэслава Немэна “Dziwny jest ten swiat”, якая дапамагла яму заваяваць Гран-пры міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску ў 2004 годзе. Аранжыроўкі кампазіцый, што прагучалі на вечарыне, зрабіў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка.
    
    Удзельнікі вечарыны з цікавасцю паглядзелі дакументальныя фільмы пра жыццё і творчасць Чэслава Немэна, знятыя аўтарамі з Польшчы і Беларусі – Яўгеніушам Шпакоўскім і Верай Савінай. Убачанае і пачутае дапамагло яшчэ больш наблізіцца да чалавека і музыканта, які да апошніх сваіх дзён верыў, што “людзей добрай волі больш, і дзякуючы ім гэты свет не загіне ніколі”…
     Ала БІБІКАВА
    
     Вечер-концерт, посвященный творчеству Чеслава Немена “То, что люблю больше всего”, в субботу планируется в областном драмтеатре. Начало в 18.00.