На Шчучыншчыне працуе клуб-музей Чэслава Немэна

На Шчучыншчыне працуе клуб-музей Чэслава Немэна

Прасторная святліца са сталом пасярэдзіне, самабытны камод і старадаўнія этажэркі, мілыя фіранкі на вокнах. На сценах – абразы і сямейныя партрэты. Канапа і ложкі, засцеленыя прыгожымі радзюшкамі, саматканыя дываны

...Прасторная святліца са сталом пасярэдзіне, самабытны камод і старадаўнія этажэркі, мілыя фіранкі на вокнах. На сценах – абразы і сямейныя партрэты. Канапа і ложкі, засцеленыя прыгожымі радзюшкамі, саматканыя дываны. Печка-мазанка, швейная машынка, калаўрот...
Замірае сэрца. Менавіта ў гэтай хаце ў вёсцы Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне нарадзіўся і вырас чалавек, чый голас потым назавуць «голасам пакалення» – знакаміты польскі спявак Чэслаў Немэн (Выджыцкі). Менавіта тут узнікла яго неўтаймаваная прага да музыкі. Менавіта сюды, стаўшы вядомым на ўвесь свет музыкантам, ён думкамі вяртаўся да апошняга імгнення свайго жыцця.

Доўгі час родавае гняздо Выджыцкіх было ў заняпадзе, што выклікала справядлівае абурэнне прыхільнікаў таленту музыкі. Сёлета пытанне вырашылася: дом перадалі на баланс аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама. Рамонт зрабілі сваімі сіламі, за грошы, выдзеленыя з раённага бюджэту: залаталі дах, пафарбавалі, пабялілі, правялі святло і тэлефон. І ў жніўні дом Выджыцкіх адкрыўся для ўсіх у якасці клуба-музея. Загадчыкам установы стаў сапраўдны фанат творчасці знакамітага земляка, былы старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Уладзімір Сянюта.

– Я быццам вярнуўся дамоў, у дзяцінства, – узрушана вымавіў старшыня Саюза палякаў на Беларусі Станіслаў Сямашка, пераступіўшы парог клуба-музея нашага славутага земляка. Спадар Сямашка – дарэчы, выхадзец са Шчучыншчыны, прыехаў ў Старыя Васілішкі не як звычайны турыст. Ён з радасцю сутыкнуўся з сусветам, дзе рос і сталеў Чэслаў Немэн, агледзеў кожную рэч, пранікся атмасферай і абвясціў пра свой шчыры намер дапамагчы захаваць дарагую спадчыну: ужо ў бліжэйшы час укласці ўласныя грошы ў рамонт і далейшае развіццё музея.

Каб давесці будынак да поўнага парадку, трэба перакрыць дах, рэстаўрыраваць сцены, зрабіць прапітку забудовы звонку, добраўпарадкаваць падворак і сад, пабудаваць аўтастаянку і г.д. А ў другой, пакуль што пустуючай, палавіне дома ёсць задумка стварыць канферэнц-залу для правядзення пасядзелак і канферэнцый.
http://grodnonews.by/uploads2/MuseumHouse%202.jpg
– Ушанаванне памяці нашага вялікага земляка-песняра, захаванне ягонай спадчыны – справа гонару Саюза палякаў, – падкрэсліў Станіслаў Людвікавіч. – Разам з уладальнікамі музея мы прыкладзем усе намаганні, каб ён стаў турыстычнай Мекай для ўсёй сусветнай музычнай грамадскасці…

Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Хвядзюк і загадчыца аддзела культуры Яніна Міраненка, якія таксама прысутнічалі ў клубе-музеі на сустрэчы, адзначылі, што мясцовыя ўлады будуць рады цеснаму супрацоўніцтву і фінансавай падтрымцы праекта з боку Саюза палякаў і яго кіраўніка Станіслава Сямашкі.

Вялікае спадзяванне – на фанатаў і паплечнікаў Чэслава Немэна, якія маюць і могуць перадаць у музей сведчанні таго часу – дакументы, пласцінкі, здымкі, пісьмы, рэчы, іншыя экспанаты.