Ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ўрачыста адкрылася пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю”

 Ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ўрачыста адкрылася пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю”

У Год культуры ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ўрачыста адкрылася пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю” – своеасаблівы дакумент эпохі, які прэзентуе творчасць лепшых сучасных мастакоў Лідчыны. Мастацкія творы не проста сабраны
пад адным дахам, але і атрымалі тут пастаянную прапіску.

Экспазіцыя адкрылася ў адноўленай зале музея і стала сапраўднай падзеяй культурнага жыцця рэгіёна. Тут прадстаўлена больш за сотню аўтарскіх твораў, размешчаных у раздзелах “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Мастацкае шкло”. Да таго ж работы мастакоў розных пакаленняў: як вядомых аўтараў, так і маладых.
Гэта экспазіцыя – нібы калейдаскоп, дзе розныя погляды, стылі і тэхнікі падкрэсліваюць уласны позірк аўтараў на рэчаіснасць, – расказвае куратар праекта старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Нікіфарава. – Творы суседнічаюць адзін з адным, не падобныя адзін да аднаго, але паміж імі існуе нябачная моцная ўнутраная сувязь. Так бывае і ў жыцці, калі адна падзея ідзе за другой і складваецца ў адну агульную гісторыю.
…Не адарваць вачэй ад пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў, скульптур. Падоўгу затрымліваюцца гледачы і каля вырабаў бярозаўскіх шкляроў. Белая зала з люстэркавай сцяной, дзе выгравіраваны прозвішчы аўтараў выстаўкі, быццам пашырае прастору і робіць яе аб’ёмнай.
Арганізатары новай экспазіцыі паклапаціліся і пра яе інфармацыйнае начыненне. Адразу на ўваходзе ў залу ў інфакіёску можна падрабязна даведацца пра ўсіх прадстаўленых аўтараў, пазнаёміцца з іх біяграфіяй і творамі. Каля 900 (!) старонак тэксту, 1,5 тысячы ілюстрацый і каля 30 відэасюжэтаў пра аўтараў ды іх творчасць – усё гэта можна прагледзець самастойна.
34.JPG
Адначасова з новай экспазіцыяй “Сучаснае мастацтва краю” ў гісторыка-мастацкім музеі адкрылася майстэрня вядомага мастака Уладзіміра Мурахвера – ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Майстэрня, якая існуе дома ў мастака з 1968 года, амаль праз паўстагоддзя па рашэнні творцы перавезена ў музей. Яна поўнасцю ўзнаўляе месца, дзе многія гады ствараў свае творы вядомы мастак. Тут ягоныя асабістыя рэчы, работы, наброскі…
Спадзяемся, гэта майстэрня будзе вельмі карысная для падрастаючага пакалення, для тых, хто цікавіцца мастацтвам і спрабуе ім займацца, – адзначыла Таццяна Нікіфарава.
Як падкрэсліла дырэктар установы Ганна Драб, новая экспазіцыя ў адноўленай зале – гэта знакавая для музея падзея і яшчэ адзін вузельчык, які звязаў мінулае і сучаснае.
Дарэчы, Лідскі гісторыка-мастацкі музей за мінулы год прызнаны лепшым у сваёй сферы па выніках абласнога конкурса “Установа культуры года”.
Редакция газеты «Гродненская правда»