Гродзенскі пісьменнік Пётр Сямінскі піша пра міфічныя персанажы

Гродзенскі пісьменнік Пётр Сямінскі доўгі час працаваў настаўнікам фізікі, а разам з тым імкнуўся набыць сабе гучнае літаратурнае імя. І што толькі не спрабаваў – ад вершаў да вялікіх формаў прозы. А нарэшце падаўся ў казачнікі. Атрымалася надта паспяхова. Аб тым, як рускамоўны аўтар раманаў стаў пісаць паданні і казкі па-беларуску, у матэрыяле “Гродзенскай праўды”.

161.jpg

Лірык, а не фізік


У Пятра незвычайная для пісьменніка фізіка-матэматычная адукацыя. Тут можна было б разважаць пра тэхнічны склад розуму і сэрца паэта, толькі сам Пётр аднекваецца:
Яшчэ ў школе бацьку папярэдзіў, што збіраюся быць пісьменнікам. Але ж ён кулаком па стале: “Няма такой прафесіі”, – кажа. Ну што мне, маладому сціпламу хлопцу, заставалася? Фізік – значыцца фізік.

Універсітэцкія веды Пятру ўсё ж такі спатрэбіліся. Асабліва, калі пачаў пісаць фантастычныя творы. Што да педагагічнай працы, аўтар нават не скрывае – пакінуць школу спрабаваў неадначасова. Быў нават выпадак, калі амаль што пагадзіўся працаваць на будаўніцтве, але своечасова адумаўся.

Калі выступаю ў школах з прэзентацыяй сваіх твораў, дзеці амаль заўсёды пытаюць, колькі грошай я атрымоўваю як пісьменнік. На самой справе ніякага заробка ад творчай працы ў мяне няма. Знаёмыя неаднойчы казалі: “Кідай ты гэтае глупства”. Але я пішу, таму што не магу інакш. Выдавацца – мая мара, у якую я верыў, бадай, з дзяцінства. І лічу, дабіўся свайго.

177.jpg

“Пісаць магу і так, і гэтак”


Пісаў Пётр і вершы, і жаночыя раманы, і дэтэктывы, і фантастычныя творы. Апошнія, як адзначыў сам аўтар, найбольш запатрабаваныя. А вось з вершамі “выбіцца ў людзі” больш складана. Пры гэтым доўгі час Пётр быў упэўнены – ён выключна рускамоўны пісьменнік. Але ж аднойчы яму параілі: хочаш выдавацца – вучыся перакладаць.

І вось я бяру слоўнік і пачынаю. Сам пераклаў чатыры сваіх рамана. Як тут мову не вывучыш? Толькі я так скажу – некаторыя літаратурныя рэчы пераклад псуе. Бо гэта ўсё роўна перапрацоўка. Пакуль перакладаеш, нешта выкінешь, а нешта дабавіш. У выніку твор пачынае гучаць інакш, але, на жаль, не заўсёды лепш.

Пакуль адпрацоўваў двухмоўе, пісьменнік заўважыў: вялікія творы яму прасцей пісаць па-руску, а вось нешта вясёлае, жартаўлівае ды казачнае – наадварот. Мабыць, слова наша такое народнае – сакавітае і яскравае, глыбокое і таямнічае.

– Прыгажосць беларускай мовы я зразумеў з гадамі. Цяпер па-беларуску спрабую размаўляць не толькі на старонках сваіх твораў, але і ў паўсядзённым жыцці.

zmok.jpg

Паданні “па-сямінску”

Калі пісьменнік не напісаў ні адной казкі, гэта не пісьменнік – пачуў аднойчы Пётр і задумаўся. Сапраўды, ёсць мэта – няма перашкод. Тут і натхнення доўга чакаць не прыйшлося.

Вяртаўся я напрыканцы 2016 года з Мінска, з кніжнай ярмаркі, – распавядае пісьменнік. – Праязджаў праз Лідскі раён. Бачу – вёска. Скаменны Бор называецца. Так мне гэтая незвычайная назва запала, что я ўзяў ды адразу напісаў сваю першую казку. І пайшло-паехала. Звычайна над кнігай працую гадамі. А тут цэлую за адзін год выдаў.

Так нарадзіўся зборнік “Калінавы цмок”. Праўда, пра маленькія вёсачкі Пётр вырашыў больш казкі не складаць. Буйныя гарады і раённыя цэнтры – вось дзе можна цікавасцей хапануць. У першую чаргу пашанцавала Іўю, а разам з ім і станцыі Гаўе, што знаходзіцца ў Іўеўскім раёне.

Даведаўся, што ў Еўропе так птушку шчасця называюць – “гаўя”. Як гэта не абыграць?

Пакуль што ў зборніку 12 казак, 10 з іх прысвечаны Гродзенскай вобласці. Дадаткова пашанцавала гораду Узда, таму што там пачынаецца выток Нёмана. А вось тытульная казка – “Калінавы цмок” – аказалася прысвечанай Салігорску. Паводле яе за калійную соль трэба падзякаваць чырвонаму цмоку, які там жа, на Салігоршчыне, і загінуў. А соль нам як бы засталася ў спадчыну.

Некаторыя моманты Пётр, канешне, пазычае з ужо існуючых народных паданняў. Але ўсё ж такі большая колькасць казак у зборніку – аўтарскі палёт фантазіі.

– У наступным годзе “Калінавы цмок” плануюць выдаць на дзяржаўным узроўні. Рэдактары “Народнай асветы” пакуль прыглядаюцца, раяць дадаць у некаторыя казкі яшчэ больш аўтэнтычнасці. Выдумкі, проста кажучы. Апошнія месяцы займаўся тым, што дапрацоўваў. У выдавецтве прапанавалі напісаць казку пра Лепель, што ў Віцебскай вобласці. Там таксама ёсць помнік цмоку. Толькі народнага абгрунтавання гэтаму няма, а трэба.

Толькі казкі і бурымэ

У гэтым годзе Пётр абавязкова разам з гродзенскай дэлегацыяй паедзе на свята беларускага пісьменства. Але не столькі, каб на іншых паглядзець, колькі сябе паказаць:
– Самы цудоўны момант свята – выступленне. Хачу хутчэй на сцэну. Звычайна паэты чытаюць на Дні беларускага пісьменства гатовыя вершы ды прозу, а я складаю бурымэ. Гэта значыць – выбягаю ў залу да слухачоў, яны мне гавораць некалькі слоў ­– любых. А я з гэтага амаль адразу складаю паэтычную замалёўку. Гэта такая мая фішка. Людміла Антонаўна Кебіч, праўду кажучы, просіць так не рабіць, бо раптам не атрымаецца. Але пакуль усё было добра.

У Іванава Пётр плануе “засвяціць” і “Калінавы цмок”. Пісьменнік прызнаецца – са сваім апошнім казачным зборнікам нарэшце спаймаў хвалю сапраўднай аўтарскай запатрабаванасці.

Пакуль Год малой радзімы будзе доўжыцца, збіраюся працаваць выключна над казкамі, – усміхаецца Пётр Сямінскі. – Гэта актуальна. Тым больш, столькі яшчэ мясцін цікавых ёсць у краіне, столькі прыгожых гарадоў. Пішы – не перапішаш.

ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ

«Прочел все 55 томов сочинений Ленина. Это был вызов для меня». В Гродно прошла встреча с российским писателем Львом Данилкиным, который написал новую биографию Ленина

Интерактивные площадки и путешествие в мир воды. В Гродно презентовали необычную книгу

«Сказка о волшебном путешествии в мир воды». На презентацию книги приглашают «Гродноводоканал» и Гродненский городской центр культуры