«Анёльскім крылом душы дакранаўся, уваскрасаў і канаў». Відэапраект «Вершы на свята» віншуе праваслаўных вернiкаў cа святам Уваскрасення Хрыстова

Верш чытае Дар'я Мышко.
Дар'я – студэнтка 3 курса кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
– Творчыя здольнасці накіравалі мой жыццёвы шлях менавіта ў гэта рэчышча, – распавяла студэнтка.
Сапраўды, Дар'я творчы чалавек. Яна малюе, танцуе, займаецца фатаграфіяй, вучыцца тэатральнаму мастацтву... Як усё паспявае? Проста Дар’я займаецца тым, што ёй падабаецца, таму заўсёды знаходзіць на гэта час. І ў гэтым безлічы спраў яна з задавальненнем адгукнулася на нашу прапанову прачытаць светлыя радкі верша Ірыны Багдановіч да свята Вялікадня.
Ірына Багдановіч
У полацкім Сафійскім саборы
Гучаў арган і вакал,
І голас узносіўся: con amore
І трапятаў, і кахаў.
Кахаў і плакаў, і спадзяваўся,
Рэхам буры лунаў.
Анёльскім крылом душы дакранаўся,
Уваскрасаў і канаў.
Будзілі ўсіх і сціхалі хоры,
Пачуцці плылі без меж...
І ты быў побач, і con amore
Гучала, як мне, табе ж.