Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства. Нагадаем, свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

«Дзень пісьменства для нас — безумоўна, вялікае свята, на якім мы сустракаемся са старымі і новымі сябрамі, — зазначае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. — Але разам з тым гэта і справаздача, што зроблена на літаратурнай ніве за мінулы год і за больш доўгі тэрмін. Таму Саюз пісьменнікаў прадставіць у Слоніме самыя значныя свае праекты, у тым ліку міжнародныя».

24.jpg

Ужо 31 жніўня ў слонімскім Доме культуры адкрыецца фотавыстаўка Вячаслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой» — работы з гэтага іміджавага праекта, прымеркаванага да Года малой радзімы, ужо больш за дваццаць пяць разоў экспанаваліся на розных пляцоўках у нашай краіне, а аднайменны паэтычна-мастацкі зборнік летась выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда» на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

У Слоніме на тэматычнай пляцоўцы «Слова пісьменніка» каля абноўленай кнігарні правядуць першыя творчыя сустрэчы, кніжныя прэзентацыі і аўтограф-сесіі, старт якім дадуць прадстаўнікі Гродзеншчыны. Як расказаў намеснік старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Дзмітрый Радзівончык, галоўнымі «разынкамі» абяцаюць стаць міжнародныя праекты — перакладная польска-беларуская анталогія «Масты», анталогія паэзіі Беларусі, Польшчы і краін Балтыі, сумесны праект з выдаўцамі і літаратарамі Разані — радзімы Сяргея Ясеніна і г. д.

Таксама ў гэты дзень беларускія літаратары далучацца да работы Міжнароднага круглага стала пісьменнікаў і прадставяць у межах культурна-асветніцкай акцыі ў Жыровічах паэтычную імпрэзу «Я слова ў душы нашу».

Працягнецца свята 1 верасня: раніцай у Слоніме запланавана адкрыццё помніка Льву Сапегу, у 14.30 пачнецца літаратурна-музычны канцэрт «Край бацькоўскі, мой край родны» — своеасаблівая прэзентацыя зборніка сучаснай паэзіі і прозы «Мая радзіма», падрыхтаванага спецыяльна да Дня пісьменства; таксама адной з цэнтральных падзей свята стане ўрачыстая цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі (дарэчы, ужо вядома, што сёлета яе лаўрэатамі стануць шасцёра аўтараў, бо ў намінацыі
«Драматургія», дзе былі прадстаўлены ўсяго дзве заяўкі, журы вырашыла не вызначаць пераможцаў).

2b56666490b4cbf3199e052f89083707.jpg

На працягу ўсяго дня сустрэцца са сталымі і маладымі беларускімі аўтарамі, пагартаць іх кнігі, паслухаць творы, а мо і паспрачацца аб ролі пісьменніка ў сучасным грамадстве можна будзе на стэндах вядучых айчынных выдавецтваў.

Адмысловыя сюрпрызы падрыхтаваў для гасцей і ўдзельнікаў Дня пісьменства і знакаміты калекцыянер і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў. Натуральна, ён прывязе ў Слонім добра вядомы і вельмі запатрабаваны на ўсіх святах «Друкарскі двор ХVІ стагоддзя», дзе кожны ахвотны зможа пабыць крыху першадрукаром і «выдаць» па старажытнай тэхналогіі старонку з Бібліі Францыска Скарыны. Асобна будуць прадстаўлены 25 кніг і альбомаў з серыі «У пошуках страчанага», у тым ліку альбом, прысвечаны Слоніму, у якім змешчана 640 (!) унікальных рэпрадукцый старых паштовак, што дазваляюць выразна ўявіць, як раней выглядалі гэтыя гарады. А ўявіўшы, магчыма, зацікавіцца гісторыяй родных мясцін і пачаць вывучаць яе глыбей. Уладзімір Ліхадзедаў толькі вітае падобнае захапленне і ў яго падтрымку рэалізуе чарговы праект: наборы старадаўніх паштовак з гарадскімі краявідамі. На Дні пісьменства, прынамсі, будуць прадстаўлены наборы з выявамі Мінска, Гродна і Слоніма.