Дэфіле традыцыйнай культуры. Як творцы Гродзеншчыны прадставілі рэгіён на рэспубліканскім свяце Купалля “Александрыя збірае сяброў”

Дэфіле традыцыйнай культуры.  Як творцы Гродзеншчыны прадставілі рэгіён на рэспубліканскім свяце Купалля “Александрыя збірае сяброў”

Адзінаццаты раз у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці прайшло рэспубліканскае свята «Купалле» форума «Александрыя збірае сяброў», якое сабрала ўдзельнікаў і гледачоў з усіх куточкаў Беларусі. Яго мерапрыемствы распачаліся ў суботу і доўжыліся цягам двух дзён. Адначасова працавалі самыя розныя пляцоўкі, дзе можна было пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай.
Лейтматывам свята сёлета стала тэма нацыянальнага касцюма: падчас урачыстага адкрыцця свае строі прэзентавалі ўсе вобласці, у тым ліку Гродзенская. 

о (5).jpg

– На свяце мы прадставілі мастоўскі, навагрудскі строі, а таксама касцюмы, узноўленыя нашымі майстрамі ў сваіх рэгіёнах, традыцыйную вопратку жыхароў Астравецкага, Гродзенскага, Іўеўскага, Лідскага, Воранаўскага раёнаў, – распавёў вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Пятрук.

Дэфіле на галоўнай сцэне заняло некалькі хвілін. Пасля больш дэтальна разгледзець касцюмы і даведацца пра іх асаблівасці можна было на рэгіянальных пляцоўках. І вось тут госці затрымліваліся надоўга. Прынамсі, на гродзенскай – дакладна. Зацікавіць нашым майстрам і калектывам, як заўсёды, было чым.

о (20).jpg

Культурная сталіца Беларусі Ліда прадставіла выставу вырабаў у тэхніцы шматнітовага белаўзорыстага ткацтва – этнаграфічную калекцыю і зробленыя ў наш час Валянцінай Сільвановіч. Як нітачка за нітачкай майстар стварае такую прыгажосць, гледачы маглі паглядзець і нават паспрабаваць самі. 

– Мы трэці год удзельнічаем у свяце “Александрыя збірае сяброў” і кожны раз адзначаем цікавасць да сваёй экспазіцыі. Гэтым разам заўважылі, шмат моладзі спынялася, назірала за працэсам. Вялікую цікавасць праяўлялі юнакі, нават самі садзіліся за кросны, – расказала загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Шчэліна. – Прыемна, што на такіх вялікіх святах маштабна прадстаўлена беларускае ткацтва. У кожным рэгіёне ёсць свае адметнасці, майстры з іншых куточкаў Беларусі ўзнаўляюць свае традыцыі, мы свае. А разам мы адраджаем і захоўваем беларускае ткацтва. 

о (3).jpgо (15).jpg

Як прызнаецца Алена Шчэліна, яшчэ колькі часу таму яны па-добраму зайздросцілі майстрам з іншых рэгіёнаў, іх прафесіяналізму. А сёння лідчане ўжо самі свабодна валодаюць тэхнікай і ганарацца сваімі вырабамі. Да прыкладу, на Купаллі прадставілі касцюм, які ад пачатку і да канца зрабілі самі, нават тканіну самастойна выткалі. У выніку строй нават па складу тканіны, тэкстуры, узору і колеру цалкам адпавядае тым, што насілі нашы продкі.

Гродзенскія майстры знаёмілі гасцей свята з традыцыямі сапоцкінскай пісанкі, багата былі прадстаўлены саломапляценне, кераміка, апрацоўка металу ды іншыя кірункі. 

о (13).jpgо (14).jpg

Асаблівы настрой стваралі нашы калектывы – ансамблі “Жывіца” з Квасоўскі, навагрудскі “Свіцязь” і “Гарадніца” з абласнога цэнтра. Іх выступленні праходзілі два дні. Стаяць убаку і проста назіраць гледачам артысты не давалі – госці з першых акордаў пачыналі падпяваць, а як выходзіла “Жывіца”, дык у момант аказваліся ўцягнутымі ў танцы.

о (7).jpg

Сярод іншых пляцовак можна было наведаць традыцыйную беларускую хатку. У яе афармленні былі выкарыстаны гудзевіцкія падвойныя дываны, навагрудская выцінанка-выбіванка. Асаблівай папулярнасцю карысталася фотазона “Мая спадчына” цэнтра рамёстваў “Спадчына”. Бадай, ці не ў кожнага госця свята ў Александрыі застанецца на памяць пра лета 2020 зроблены там здымак. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Редакция газеты «Гродненская правда»