“Дзед белабароды” з твора Якуба Коласа ў нашым праекце “Вершы на свята”
Вядомы з дзяцінства твор Якуба Коласа “Дзед Мароз” чытае навучэнка абласнога Палацу творчасці дзяцей і моладзі Анастасія Анісеня. Дарэчы, а колькі радкоў з гэтага твора памятаеце вы? Настасся ведае яго ўвесь!
Дзяўчынка – вельмі таленавітая чытальніца. Вы толькі паслухайце!
Талент Настассі, якая не баіцца нават вялікіх твораў і ўмее трымаць настрой, рытм верша ад першых слоў да фінальнай кропкі, ужо не аднойчы высока ацэньвала журы розных конкурсаў. Так, дзяўчынка была ў складзе каманды адной з лепшых на адкрытым міжнародным фестывалі-конкурсе творчых калектываў “Зоркі Перамогі”. Як індывідуальны чытальнік станавілася лаўрэатам рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Якуб Колас
"Дзед Мароз"
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.
