Элементу выканальніцкага мастацтва «Смаргонскія найгрышы» надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь

Элементу выканальніцкага мастацтва «Смаргонскія найгрышы» надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь

15 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прыняла рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Смаргонскія найгрышы».Сёння ў скарбніцы самабытнай беларускай спадчыны ёсць вакальныя, танцавальныя, разнастайныя абрадавыя традыцыі рэгіёнаў Беларусі. Але народная інструментальная музыка пакуль не прадстаўлена. Пра захаванне музычна-інструментальнай традыцыі Смаргоншчыны, гісторыю і адментных прадстаўнікоў «Смаргонскіх найгрышаў» карэспандэнту «Гродзенскай праўды» расказала метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Смаргонскага раённага цэнтра культуры Наталля Чудакоўская.

Народная інструментальная музыка ў Смаргонскім раёне актыўна развівалася на пачатку ХХ стагоддзя. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў 1940-1960 гады і працягвала існаваць да пачатку 1990-х. Згодна з гісторыяй у гэтых мясцінах свой музыка-саліст альбо ансамбль музыкаў быў амаль у кожнай весцы. Гэта музыкі-самавучкі, якія гралі для невялікай аўдыторыі ў хатах, на вяселлях ці танцах. Ансамблі жа такога роду называліся капэлямі. Іх на тэрыторыі Смаргоншчыны ў той час было таксама вялікае мноства.

 Смаргонскія музыкі.jpg

Прапанова па ўключэнню элемента рыхтавалася дзяржаўнай установай культуры «Смаргонскі раённы цэнтр культуры» пры дапамозе спецыялістаў з дзяржаўнай Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага і з дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкоўскі яслі-сад-сярэдняя школа». Архіўныя фотаздымкі і ўспаміны прадставілі Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей і рэдакцыя газеты «Светлы шлях».

Чудакоўская Н.С..jpg
У гэтай працы ўдзельнічала шмат людзей, – расказала Наталля Чудакоўская. – З 2018 года мы збіралі інфармацыю, працавалі над інвентарнай формай і дапрацоўвалі той матэрыял, які сапраўды данясе каштоўнасць і адметнасць нашай смаргонскай музыкі. Трэба адзначыць, што ў гэтай справе быў зацікаўлены і аддзел культуры нашага райвыканкама.

У адрозненні ад віртуозных Магілеўскіх ці бурдонна-паліфанічных Віцебскіх Смаргонскія найгрышы характарызуюцца меладычнасцю і экспрэсіўнасцю, а калі казаць пра асаблівасці, то, перш за ўсё, – гэта абрадавасць, танцавальнасць і міжпакаленнае перайманне. У тым ліку «Смаргонскія найгрышы» маюць свае марфалагічныя адметнасці з саліруючай скрыпкай, гарманізуючым гармонікам, акардыёнам, рытмізуючым бубнам ці барабанам.

– Большая частка нашых найгрышаў – гэта танцавальная і бадзёрая музыка з элементамі імправізацыі. У той жа час яна меладычная, выконвалася вельмі весела і ўпэўнена, а музыкі маглі з легкасцю пераходзіць з адной мелодыі на другую, – дадала Наталля Чудакоўская. – На першы погляд, «Смаргонскія найгрышы» здаюцца дастаткова простымі. Магчыма, гэтая асаблівасць бярэ свой пачатак яшчэ з 17 стагоддзя, калі ў мястэчку Смаргонь існавала мядзведжая акадэмія, заснаваная Радзівіламі. У гэтай школе мядзведзяў вучылі танцаваць. І каб яны пераступалі з лапы на лапу, музыка павінна была быць рытмічнай, простай, з падкрэсленай моцнай доляй і вельмі гучнай.

Гулянок.JPG

Адметным музыкам, найгрышы якога захаваліся да гэтага часу, быў Уладзіслаў Буцько. Гэта ўнікальны музыка–самавук, які большую частку жыцця граў са сваёй капэляй на Смаргоншчыне.Менавіта яго выканальніцкае майстэрства «з рукі на руку» пераняў мультыінструменталіст Часлаў Жых, які зладзіў потым сямейную музычную капэлу і арганізаваў пры Смаргонскай школе мастацтваў калектыў «Гулянок». Па словах Наталлі Чудакоўскай, гэты ансамбль, гісторыя якога налічвае больш за 25 гадоў і 5-6 пакаленняў музыкаў, сёння з’яўляецца адным з асноўных носьбітаў Смаргонскіх найгрышаў.

Гулянок і Нальшчаначка.JPG

 Уладзіслаў Іванавіч Буцько.JPG

Дарэчы, не толькі «Гулянок» захоўвае гэтую традыцыю. Прыклад выдатнай культурнай каштоўнасці на высокім узроўні прэзентуецца праз творчасць узорнага фальклорнага гурта «Нальшчаначка» дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкоўскі яслі-сад-сярэдняя школа». Таксама сёння народная музыка Смаргоншчыны прадстаўлена творчасцю аматарскіх мясцовых калектываў, якія створаны пры Смаргонскім раённым цэнтры культуры, – сказала Наталля Чудакоўская. – Наогул, людзі, што жывуць у нашым раёне, любяць і паважаюць свае традыцыі.

Суправаджэнне вяселля Гулянок.JPG

Музычна-інструментальная спадчына Смаргонскага раёна адлюстроўвае адметную традыцыю рэгіёну з яе асаблівай манерай выканання. Носьбіты элемента з гонарам і хваляваннем ставяцца да таго, што прымаюць удзел у развіцці элемента, захаванні гісторыі і той культурнай спадчыны, якая дасталася ад продкаў. «Смаргонскія найгрышы» – гэта не толькі першы аб’ект нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Смаргонскага раёна, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але і наогул, першы выпадак уключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь народнай інструментальнай музыкі.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»