Літоўскія і беларускія эксперты абмеркавалі канцэпцыю аднаўлення Ашмянскай сінагогі

У цэнтры Ашмян размешчаны тры святыні: каталіцкая, праваслаўная і крыху воддаль, прыхаваная за сучаснай забудовай, іўдзейская. Узведзеная больш за сто год таму, сінагога прыцягвае да сябе беларускіх і замежных турыстаў, бо сёння гэта бадай ці не самы захаваны ў першапачатковым выглядзе яўрэйскі храм на Беларусі. І хаця час бярэ сваё, аднак тут добра бачны роспіс скляпення і сцен і ўнікальныя архітэктурныя элементы. На жаль, на вачах страчваюцца элементы роспісу задыякальнага кола, працякае ў некалькіх месцах шыферны трохузроўневы дах, абсыпаецца тынкоўка са сцен.


Сёння захаваць сінагогу для выкарыстання яе па прамым прызначэннні няма сэнсу. У Ашмянах няма яўрэйскай абшчыны, ды і яўрэяў, якія тут жывуць, можна пералічыць на пальцах. Чакаць багатага дзядзьку з Ізраілю таксама не прыходзіцца. Што ж рабіць з гэтым каштоўным і цікавым ва ўсіх сэнсах аб’ектам нашагай гістарычнай спадчыны? На гэта пытанне спрабавалі знайсці адказ падчас публічнага мерапрыемства ў краязнаўчым музеі міжнародныя эксперты літоўскага камітэта ІКАМОС, прадстаўнікі беларускага адгалінавання Міжнароднага камітэта па захаванні помнікаў і славутасцяў, мясцовыя жыхары, запрошаныя на дыскусію.


Абмеркаванне праводзілася ў межах рэалізуемага Беларускім каімітэтам ІКАМОС праекта «Распрацоўка канцэпцыі аднаўлення будынка былой Ашмянскай сінагогі дзеля патрэбаў мясцовай супольнасці». Перад гэтым адбылася сустрэча ў Вільнюсе. Літоўскія эксперты падзяліліся вопытам работы з сакральнай архітэктурнай спадчынай, разам абмеркавалі спецыфіку заканадаўства ў адносінах да помнікаў у розных краінах і працэсаў іх узнаўлення, разгледзелі адрозненні ў падыходах да менеджменту і прэзентацыі аб’ектаў. Падчас дыскусіі эксперты абмяняліся думкамі наконт магчымых шляхоў трансфармацыі вобраза Ашмянскай сінагогі. Удзельнікі тады сышліся на думцы, што ключавым элементам у актуалізацыі сінагогі і вяртання яе да жыцця ў кантэксце сучаснага выкарыстання, з’яўляецца граматна выбудаваная камунікацыя вартасцей аб’екта.


Абмеркаванне прадоўжылася ў Ашмянах, куды наведаліся эксперты з Літвы. У першы дзень свайго візіту яны азнаёміліся са станам і ходам аднаўлення помнікаў рэгіёна. У другі - падзяліліся вопытам рэстаўрацыі такіх аб’ектаў на тэрыторыі Літвы.

-Рэстаўрацыя дзеля рэстаўрацыі не мае сэнсу, - адзначыў кіраўнік цэнтра па рэстаўрацыі і захаванні гістарычнага цэнтра Вільнюса Гедымінас Руткаўскас,- аднак адказ на пытанне, што і як трэба захоўваць і чаму, мы знайшлі таксама не адразу, а толькі дзесьці праз 10 год. Трэба параўноўваць, вучыцца, як гэта робяць іншыя. Магчыма наш вопыт захавання сінагог вам дапаможа.


Літоўскія эксперты паказалі на прыкладзе рэстаўрацыі драўлянага і мураванага будынкаў літоўскіх сінагог, як можна выкарыстаць гэтыя аб’екты пад бібліятэку, музей горада, школу мастацтваў.


Кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ІКАМОС, архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі выказаў сваё бачанне далейшага лёсу сінагогі, адзначыўшы, што аб’ект паказу – гэта самая прымітыўная форма выкарыстання славутасці, прапанаваўшы варыянты кіназалы і студыі гуказапісу са сцэнічнай пляцоўкай.

Падводзячы вынікі сустрэчы, выкладчык Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, старшыня праўлення Беларускага камітэта ІКАМОС Сцяпан Стурэйка падкрэсліў, што знайсці адказ на пытанне, дзеля чаго нам патрэбна адрадзіць сінагогу, мы павінны тут, на ашмянскай зямлі. А напачатку неабходна перанесці сінагогу з катэгорыі яўрэйскай спадчыны ў катэгорыю ашмянскай. Гэта спадчына наша, беларуская, і яна ўнікальная.