Майстар, што стварыў літаратурны “аркестр”. Творчы экскурс да 180-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

Майстар, што стварыў літаратурны “аркестр”. Творчы экскурс да 180-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

Гродзенская зямля багатая на слынных людзей, якімі могуць ганарыцца нашчадкі.

Сёлета 21 сакавіка споўнілась 180 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта, празаіка, публіцыста і патрыёта роднага краю Францішка Багушэвіча. Ураджэнец фальварку Свіраны тагачаснай Віленскай губерні, пісьменнік прайшоў складаны жыццёвы шлях, які ў многім быў звязаны з Гродзеншчынай.

1bdc5e064c16a02e0c313de042cc7d85.jpg

Багушэвіч па сканчэнні Віленскай гімназіі пэўны час вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, пасля перарвання вучобы працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі сучаснага Воранаўскага раёна. Пасля ўдзелу ў нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-1864 гадоў мусіў жыць ва Украіне, дзе здолеў скончыць Нежынскі юрыдычны ліцэй, што ў будучыні паспрыяла працаўладкаванню і нават паўплывала на ідэйна-тэматычную шырыню твораў. Далёка ад радзімы (Украіна і Расія) на працягу немалога перыяду часу ён працуе следчым. Становіцца кавалерам ордэна Святога Станіслава ІІІ ступені за грамадзянскія заслугі. Толькі ў 1884 годзе вяртаецца на радзіму з жонкай Габрыеляй (ураджэнкай Мінска), дачкой Канстанцыяй і сынам Тамашом. Аднак усе гады адсутнасці ў родных мясцінах Францішак заставаўся сапраўдным беларусам.

c9f42b31daa315b98ca53373850b32a2.jpg

Францішак Багушэвіч стаў адвакатам простага люду не толькі па сваёй юрыдычнай спецыяльнасці, але і як літаратар, які ўласнай творчасцю выступаў за волю, зямлю і народную культуру. У творах ён змагаўся з сацыяльным злом, выкрываў няроўнасць людзей, несправядлівасць грамадскага ладу царскай імперыі, выступаў супраць эксплуатацыі.

Як публіцыст, Багушэвіч друкаваў допісы ў часопісе "Край" (1885-1891) у раздзелах "Судовыя навіны" і "Лісты з правінцыі". У іх дэталёва апісваецца эканамічнае становішча на вялікіх абшарах паўночна-заходняй Беларусі, асаблівасці сацыяльных стасункаў. Асобнай мастацкай з'явай становяцца прадмовы да зборнікаў паэзіі "Дудка беларуская" і "Смык беларускі". Прадмова да "Дудкі..." напоўнена пафасам нацыянальнага самавызначэння беларускага народа ў складаных гістарычных умовах другой паловы ХІХ стагоддзя. Пісьменнік гаворыць пра старажытныя карані роднай мовы: "Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася". Публіцыст узвышае, эстэтызуе мову простага люду, што ў той час было актам грамадзянскай мужнасці: "...мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Прадмова да зборніка "Смык беларускі" стала сапраўднай праграмай развіцця беларускай літаратуры ў накірунку рэалізму. "Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» – вот і мы зробім музыку..." – гэта значыць беларускую літаратуру. Зборнік "Скрыпка беларуская", напоўнены дэмакратычным пафасам, створыць ураджэнка Шчучыншчыны Алаіза Пашкевіч (Цётка) праз шэсць гадоў пасля смерці Багушэвіча. А першы зборнік Янкі Купалы таксама мае назву духавога музычнага інструмента – "Жалейка".

e6a9ebf548aa8b5ff1d9b964df83533a.jpg

Паэт Францішак Багушэвіч стварыў вершы, з аднаго боку, сацыяльна вострыя, з другога, дасканалыя па паэтычнай форме. Лірычны герой выкрывае сацыяльныя кантрасты тагачаснага грамадства, ён са спагадай ставіцца да простага працаўніка. Малюнкі рэчаіснасці, вобразы вельмі натуралістычныя і запамінальныя. Аўтар звяртае ўвагу на сацыяльныя перакосы з мэтай змагання з імі, спрабуючы расплюшчыць вочы чытачу на рэчаіснасць: "Адзін хатаў мае многа... / У другога ў сцяне дзюры, / Вецер ходзе, дым і снег..." Сацыяльныя матывы мужыцкай нядолі становяцца дамінуючымі ў паэзіі, пры гэтым вобраз простага чалавека паказваецца ўзвышана, як працаўніка, аратага і сейбіта. Адчуваецца глыбокая павага да чалавека працы.

unnamed.jpg
Пісьменнік быў у добрых асабістых адносінах з Элізай Ажэшкай, высока цаніў яе творчасць, захапляўся гуманістычным пафасам твораў, уменнем дэталёва апісваць ваколіцы і люд Панямоння. Францішак Багушэвіч прысвяціў Ажэшцы верш "Яснавяльможнай пані Арэшчысе", дзе падкрэсліў уменне пісьменніцы жывапісаць і падзякаваў за ўвагу да простага чалавека: "А ты, пані, смела / Заглянула ў хату, / Усё зразумела / І нашаму брату / Працягнула руку..." Верш быў прысвечаны да дваццаціпяцігоддзя літаратурнай дзейнасці пісьменніцы (1892). На працягу многіх гадоў паміж творцамі вялася актыўная перапіска, яны неаднаразова сустракаліся, Францішак прыязджаў да пані Элізы ў госці ў яе знакаміты домік на сучаснай вуліцы Ажэшкі. "Ён чытаў мне свае беларускія паэтычныя творы і нават даў мне іх копію з асобным вершам, таксама беларускім, адрасаваным мне ці для мяне. Пагадзіцеся са мной, што гэтыя тварэнні вельмі прыгожыя, у іх заключана нейкая асаблівая прывабная сіла", – пісала Эліза Ажэшка пра сустрэчу ў 1887 годзе. Пасля спаткання з беларускім паэтам у 1888 годзе яна напіша: «Быў у мяне нядаўна сп. Багушэвіч і чытаў мне толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантастыкі, прыгожую. Цудоўны гэта талент".

Пяру Францішка Багушэвіча належаць і апавяданні, але абсалютная большасць з іх была страчана, захавалася толькі некалькі. Як зазначаў даследчык А.Лойка: "Зборнік "Беларускія расказы" быў забаронены цэнзурай і дасюль не адшуканы".

Многія гады жыў Францішак Багушэвіч у вёсцы Кушляны сучаснага Смаргонскага раёна, дзе і памёр у 1900 годзе. Цяпер там знаходзіцца музей-сядзіба пісьменніка. Пахаваны ў Жупранах Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

У Гродне адна з вуліц носіць імя Францішка Багушэвіча. Творчасць паэта праходзіцца ў сярэдняй школе, падрабязна вывучаецца на філалагічных спецыяльнасцях Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пад паэтычнай зоркай Францішка Багушэвіча адбываюцца творчыя вечарыны.

Редакция газеты «Гродненская правда»