На Купалле да Купалы. Пісьменнікі Гродзеншчыны выступілі на радзіме паэта ў Вязынцы

На Купалле да Купалы. Пісьменнікі Гродзеншчыны выступілі на радзіме паэта ў Вязынцы

7 ліпеня дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі далучылася да святкавання «Купалаўскіх дзён – 2019».

Удзел у рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», якое традыцыйна адбылося на малой радзіме Янкі Купалы, узялі паэты Дзмітрый Радзівончык, Ала Клемянок, Мікалай Іваноўскі і Тамара Мазур.

IMG_20190707_125826.jpg

Тут, на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» ў Маладзечанскім раёне, каля дома, дзе нарадзіўся будучы паэт, адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 137-й гадавіне з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. І лепшым пацверджаннем пашаны і памяці пра паэта сталі вершы, якія чыталі сучаснікі, прысвячаючы іх самому Купале і, канечне, малой радзіме, якую так любіў пясняр. Сярод выступоўцаў былі Міхась Башлакоў, Анатоль Бутэвіч, Таццяна Сівец, Вiктар Шнiп i iншыя. Паэты Гродзеншчыны таксама прачыталi свае творы на роднай мове, а на памяць падарылі Дзяржаўнаму лiтаратурнаму Музею Янкі Купалы выдадзеную ў Варшаве міжнародную анталогію паэзіі «Масты» і 6-ы нумар літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі». Госць з Расіі, паэт і перакладчык Віктар Куллэ зачытаў вядомы верш Янкі Купалы «Я не паэта» на рускай мове. Парадавалі публіку творамі, напісанымі Янкам Купалам для дзяцей, маленькія навучэнцы мінскай студыі «Бальная кніжачка».



IMG_20190707_131532.jpg

Таксама гасцей вітаў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка. Дарэчы, сёлета спаўняецца 100 гадоў тэатру, што носіць імя класіка і кожны новы сезон адкрывае непераўзыдзенай “Паўлінкай”.

IMG_20190707_150949.jpgIMG_20190707_151223.jpg

Госцi Вязынкi атрымалi асалоду ад традыцыйных беларускіх песень у выкананні фальклорнага этнаграфічнага калектыву «Маркаўчанка». Вядомы спявак і кампазітар з былых, мулявінскіх «Песняроў» Аляксандр Віслаўскі са сваёй жонкай, скрыпачкай Аленай, падарылі ўдзельнікам свята канцэртную праграму з сучасных кампазіцый на словы Янкі Купалы, сярод якіх найбольш апладысментаў выклікала рок-балада «Тутэйшы».