На некалькі гадзін рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда» стала сапраўднай літаратурнай пляцоўкай

Тут сабраліся сучасныя творцы – члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Чыталі вершы, гаварылі пра натхненне і творчыя планы, нагадвалі, што ў наступным годзе Гродзеншчына будзе прымаць галоўнае свята літаратараў – рэспубліканскі Дзень пісьменства. І ўспаміналі, як менавіта ў будынку «Гродзенскай праўды» для некаторых пачыналася знаёмства з Саюзам пісьменнікаў – тут пэўны час знаходзіўся офіс абласнога аддзялення. Да таго ж, некаторыя не раз з задавальненнем трымалі ў руках свежы нумар «Гродзенскай праўды» з апублікаванымі сваімі вершамі. Дарэчы, літаратурная рубрыка вяртаецца на старонкі абласной газеты. 

IMG_6848.JPG

– Сучасная рубрыка будзе існаваць адразу на некалькіх прасторах: у папяровым і віртуальным варыянтах. І ў сумесным праекце літаратараў і галоўнай газеты прынёманскага краю кожны атрымае магчымасць дакрануцца да творчасці аўтараў сучаснай мастацкай літаратуры, якія жывуць побач, у горадзе Гродна і Гродзенскай вобласці, – адзначыла падчас мерапрыемства старшыня абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Людміла Кебіч і дадала, што ў далейшым гэты праект можа атрымаць працяг у тым ліку ў іншых жанрах – пазнаёміць чытачоў з прозай сучаснікаў. 

IMG_6820.JPG

Гасцямі мерапрыемства сталі таксама студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і з задавальненнем паслухалі вершы таленавітых творцаў. Дзяліліся сваёй творчасцю са слухачамі галоўны спецыяліст абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык, праслаўлены настаўнік алімпійскіх чэмпіёнаў, заслужаны трэнер СССР і Рэспублікі Беларусь Рэнальд Кныш. У спартыўнай біяграфіі апошняга – высшыя спартыўныя награды выхаванак, у ліку якіх Вольга Корбут, а ў творчай – шэраг зборнікаў вершаў. Упершыню апублікаваў свае творы Рэнальд Іванавіч ужо на восьмым дзясятку жыццёвага шляху, але пісаў, пачынаючы з дзяцінства.

IMG_6814.JPG

У аўтарскім выкананні паслухалі і вершы ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата прэміі абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко Браніслава Ермашкевіча.

IMG_6837.JPG

Далучыліся да агульнага творчага хору паэт Рыгор Гармаш, які нарадзіўся ва Украіне, але ўжо больш за сорак гадоў звязаны з прынёманскім краем, паэт і бард Анатоль Апанасевіч, Аліна Сабуць, Людміла Шаўчэнка. А дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая зачытала творы, якія пакуль не выдадзеныя ні ў адным зборніку, і майстэрства паэтычнага слова ў іх слухачы адчулі аднымі з першых.

IMG_6808.JPG
IMG_6812.JPG

З зусім юных гадоў пачаўся творчы шлях яшчэ адной удзельніцы сустрэчы – Вікторыі Смолка, першы зборнік вершаў якой пабачыў свет у амаль дваццацігадовым узросце аўтара. Сёння Вікторыя – прызёр Рэспубліканскага конкурсу маладых паэтаў «Мы народжаныя для натхнення», неаднаразовы ўдзельнік Міжнароднага фестывалю творчай моладзі з парушэннямі зроку «Белая трость», які праводзіць вядомая спявачка Дзіяна Гурцкая ў Маскве.
З гэтага часу штомесяц будзем знаёміць чытачоў з творчасцю землякоў на старонках нашага выдання, а дакрануцца да яшчэ большага багацця рыфмаванага слова можна на сайце grodnonews.by.