"На Нёманскай хвалі". Гартаем чарговы нумар літаратурнага альманаха

"На Нёманскай хвалі". Гартаем чарговы нумар літаратурнага альманаха

Дзесяць год таму пісьменнікі Гродзеншчыны пачалі выдаваць свой літаратурны альманах “На Нёманскай хвалі”. Гэтай вясной свет пабачыў шосты нумар, прысвечаны тэме малой радзімы. Яе выбар тлумачыць старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

 – Што можа быць прыемней для пiсьменнiка? Таму што Радзiма заўсёды была невычэрпным вытокам натхнення, а малая – дарагiм куточкам, думка пра якi вярэдзiць сэрца пачуццём любовi i тугi. I таму нi адзін з гродзенскiх пiсьменнiкаў не абышоў гэтую тэму, – адзначае пісьменніца.

І сапраўды. У альманаху – багата твораў і імён. Знайшлося ў ім месца і творчасці гасцей, сярод якіх паэтэса Алена Карнеева з Разані, польскія паэты Аляксандр Наўроцкі і Барбара Юркоўска. Прадстаўлены ў выданні працы лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыях «Пісьменнік года-2016» і «Пісьменнік года-2017». Гэта артыкулы краязнаўцы з Карэлiчаў Святланы Кошур i нарысы музычнага крытыка, публiцыста Віталiя Радзівонава.

альманах.jpg

Доўгія гады самай аб'ёмнай застаецца рубрыка «Паэзія». На гэтых старонках чытач знойдзе вершы паэтаў з усіх куточкаў Гродзеншчыны. Не меншую цікавасць вызываюць іншыя раздзелы, у якіх прадстаўлены дзіцячая літаратура, публiцыстыка i краязнаўства, лiтаратуразнаўства i крытыка.

Цікава, што на працягу некалькіх апошніх нумароў альманаха заўважна адна паказальная тэндэнцыя: творцы імкнуцца праявіць сябе ў розных напрамках літаратуры. Напрыклад, паэты Анатоль Апанасевіч i Ала Клемянок гэтым разам выступаюць як празаікi. А краязнаўца Валерый Чарапіца ў сваім матэрыяле пра гродзенскіх паэтаў міжваеннага перыяду паўстае ў амплуа літаратуразнаўца, Алена Руцкая прапаноўвае свае творы для дзяцей.

Аднак да якога б жанру ні звярталіся нашы аўтары, вытокам натхнення для кожнага з іх застаецца вобраз малой радзімы.

Як расказалі ў гродзенскай пісьменніцкай арганізацыі, выхад альманаха “На Нёманскай хвалі” стаў магчымым дзякуючы спонсарскай дапамозе СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна.

Пазнаёміцца з новым выданнем можна ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага. Таксама плануюцца прэзентацыі і яго распаўсюджванне ва ўстановах культуры і адукацыі Гродна і вобласці.