“На вес золота”, але важыць менш: як робяць іканастасныя вароты з саломы

Вырабляць царскія іканастасныя вароты з саломы – традыцыя выключна беларуская. Сёння ў краіне іх захавалася яшчэ з пачатку пазамінулага стагоддзя толькі тры. У тым ліку адны прадстаўлены ў экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Насамрэч: экспанат “на вес золота”. Важыць, праўда, значна менш.

Гэтыя прыклады народнай творчасці сталі прадметам даследавання доктара мастацтвазнаўства, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вольгі Лабачэўскай. Не так даўно пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі пабачыла свет яе кніга “Мастацтва дзеля славы Божай: Саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы”. Прэзентацыя выдання прайшла ў тым ліку і ў Гродне ў Новым замку.

DPP_36452.JPG

Гэта добры ўнёсак у скарбонку навуковай літаратуры па этнаграфіі, гісторыі мастацтва. Раней такіх кніг былі адзінкавыя экзэмпляры, але апошнім часам даследаванняў з’явілася значна больш, – адзначыў дырэктар музея Юрый Кітурка.

DPP_36454.JPG
DPP_36458.JPG

Кніга Вольгі Лабачэўскай прысвечана гісторыі выраблення варот, вывучэнню экзэмпляраў, што захаваліся, і працягу традыцыі.

DPP_36456.JPG
 
Саламяныя царскія іканастасныя вароты – гэта ўнікальная з’ява беларускага мастацтва, прынамсі, заходняга Палесся. Аналагаў нашым варотам няма, – адзначае каштоўнасць твораў аўтар. – Мне стала вядома пра існаванне пяці саламяных варот, да нашага часу захаваліся толькі тры. Два творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, яшчэ адзін – у Гродне. Так сталася, што менавіта гродзенскія вароты першымі з трох змянілі царкоўны інтэр’ер на музейную прастору. Аднак да нядаўняга часу пра іх мелася інфармацыі менш, чым пра астатнія. 

Прабелы ў гісторыі атрымалася запоўніць. 

DPP_36460.JPG

Сёння вядома, што вароты з экспазіцыі гісторыка-археалагічнага музея паходзяць з вёскі Ляскавічы Кобрынскага павета, гэта сучасны Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці. Створаны яны былі прыкладна ў 1836 – 1838 гадах, а вось імёны аўтараў гісторыя не захавала. У 1906 ці 1907 годзе Мітрапаліт Мінскі і брэсцкі Міхаіл падчас візітацыі царквы Раства Божай Маці звярнуў увагу на вароты з саломкі ў іканастасе храма, і яны былі перададзены ў царкоўна-археалагічны музей у Гродна. Пасля экспанат захоўваўся ў Барысаглебскім манастыры, а ў 1924 годзе Юзаф Ядкоўскі, заснавальнік гісторыка-археалагічнага музея, атрымаў дазвол ад праваслаўных уладаў перадаць саламяныя вароты музею, што быў створаны ў Старым замку.

DPP_36462.JPG

Ляскавіцкія вароты ў параўнанні з іншымі маюць некаторыя асаблівасці. Яны больш вытанчаныя, празрыстыя, нібы ажурныя. Работа больш тонкая, чым у астатніх. Падаецца – нібы зробленыя з золата. Жывапісныя дэталі ў плеценых рамах атачаюць складаныя па малюнку карункі, а самі дэталі больш разнастайныя: круглыя разеткі з крыжамі, ромбы ў крузе з вітага жгута, дробныя ромбікі ў прасветах. Ды фактура іх цікавейшая, у тым ліку дзякуючы спалучэнню вялікіх і дробных дэталяў. Усё гэта робіць вароты ўнікальным творам мастацтва – нават праз шмат год яны выглядаюць нібы з золата. Зразумела, стварыць іх мог толькі сапраўдны майстар. 

DPP_36459.JPG

Варта зазначыць, што з саломкі рабілі не толькі іканастасныя вароты, а нават цэлыя ансамблі. Да прыкладу, у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі захоўваецца Віфлеемская зорка – такія змяшчалі на Раство ў іканастасы. Рабілі з беларускага золата і вянчальныя кароны, кіёты абразоў, скарбонкі і гэдак далей. Праўда, захавалася экспанатаў няшмат: матэрыял лёгка пашкодзіць, да і час яму не на карысць. Вялікі ўнёсак у захаванне скарбаў зрабілі вядомыя беларускія майстры па саломапляценні Ларыса Лось, Вера Салдатава, наш зямляк Яўген Блудаў.

Традыцыя саломапляцення і вырабу царскіх варот жыве і сёння. З новых прац можна назваць мітры для святароў. Ёсць і сучасныя прыклады саламяных царскіх іканастасных варот, у тым ліку на Гродзеншчыне – у царкве Святой Еўфрасінні Полацкай, што ў аграгарадку Варонча Карэліцкага раёна.

DPP_36450.JPG

У тым жа раёне ў аграгарадку Райца ў царкве Святой Вялікапакутніцы Варвары можна пабачыць саламяныя кіёты і шлюбныя вянцы. Гэтыя творы як працяг беларускай традыцыі зрабіла Вера Салдатава, якая шмат часу праводзіць на Карэліччыне.

DPP_36451.JPG