Народны майстар Рэспублікі Беларусь Юзэфа Старасціна валодае ўнікальнай тэхнікай саломапляцення і перадае сваё майстэрства новаму пакаленню

Народны майстар Рэспублікі Беларусь Юзэфа Старасціна валодае ўнікальнай тэхнікай саломапляцення і перадае сваё майстэрства новаму пакаленню

Яна галоўны носьбіт тэхнікі саломапляцення, якая ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Народны майстар Рэспублікі Беларусь, чалавек года Гродзеншчыны Юзэфа Старасціна з аграгарадка Геранёны стварае ўнікальныя творы мастацтва з саломкі і ўжо шмат гадоў шчодра дзеліцца сваёй творчасцю з мясцовай дзятвой, землякамі ды турыстамі. Яна галоўны носьбіт тэхнікі саломапляцення, якая ў 2021 годзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а ў 2022-м – у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Майстэрня як музей

Майстэрню загадчыцы сектарам рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны Іўеўскага цэнтра культуры і адпачынку Юзэфы Старасцінай хочацца назваць музеем. Тут сабрана такая на дзіва багатая, прыгожая і эксклюзіўная калекцыя саламяных вырабаў, што сэрца замірае і вочы разбягаюцца! Сапраўдныя цуды мастацтва: паменшаная копія Геранёнскага замка, агромністы конь, запрэжаны ў саламяны вазок, набор музычных інструментаў, лялькі ў нацыянальных строях, дажыначныя снапы, кветкі, кошыкі, мудрагелістыя пано, агромністыя вянкі ды неабсяжны капялюш, пад якім могуць схавацца некалькі чалавек… Уся гэта прыгажосць створана залатымі рукамі таленавітай жанчыны, якая цалкам прысвяціла сваё жыццё творчасці. 

старасціна_геранёны_бібікава (1).JPG

Юзэфа Эдвардаўна працуе ў сферы культуры амаль трыццаць гадоў. Валодае ўнікальнымі тэхнікамі апрацоўкі саломкі: плоскае і аб’ёмнае пляценне, саламяная пластыка, дэкаратыўная скульптура, аплікацыя саломкай. Стварае копіі старажытных рэчаў і сучасныя вырабы, захоўваючы асаблівасці даўняй мясцовай тэхналогіі. Асаблівасць і прывабнасць яе работ – аб’ёмнасць форм, заснаваная на мясцовых традыцыях абрадавай пластыкі. У многім дзякуючы ёй саломапляценне стала сапраўднай візітоўкай нацыянальнай культуры Іўеўшчыны.

старасціна_геранёны_бібікава (2).JPG

Маё захапленне творчасцю пачалося з сям’і, ад матулі, якая выдатна шыла, – успамінае Юзэфа Эдвардаўна. – Вырасла я ў вёсцы Навасёлкі Лідскага раёна. У школьныя гады любіла рукадзельнічаць, выступаць на сцэне, спяваць. Марыла працаваць з дзеткамі. Выйшла замуж, у пошуках жылля перабраліся ў Геранёны. Працавала ў дзіцячым садку і кіравала гуртком макрамэ Геранёнскага ЦДК. А калі ў 1995 годзе мяне направілі на курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе я ўпершыню дакранулася да сонечна-цёплага мастацтва саломапляцення, зразумела: менавіта гэта – маё. Саломка дае неабсяжны прастор для фантазіі і магчымасці для творчасці. З тае пары не магу спыніцца…

старасціна_геранёны_бібікава (3).JPG

Прызнанне таленту 

Юзэфа Старасціна не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, але талент і залатыя рукі дапамаглі жанчыне адшукаць сваю сцяжыну ў жыцці, стаць запатрабаваным і паважаным чалавекам і праславіцца на ўсю краіну. Лаўрэат прэміі Беларускага прафесіянальнага Саюза работнікаў культуры 2011 года ў намінацыі “Народная творчасць”, прэміі імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” 2014 года ў намінацыі “Народны майстра года”, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар, “Чалавек года Гродзеншчыны-2023” – гэта няпоўны пералік рэгалій і ўзнагарод творчай асобы.

старасціна_з архіву гераіні (4).jpg

Лепшыя работы майстра ўпры-гожвалі шматлікія міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя ды рэгіянальныя конкурсы, фестывалі, святы. Сярод іх – “Славянскі базар у Віцебску”, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Сувеніры ад Юзэфы Старасцінай грэюць сэрцы многіх беларусаў. Саламянага ангела-ахоўніка ўручылі Прэзідэнту нашай дзяржавы, калі ў 2008-м ён прыязджаў у Геранёны.

Дарэчы, народны майстар дасканальна валодае не толькі саломапляценнем: яна выбітна тчэ, вышывае, стварае тэкстыльныя лялькі, а галоўнае – перадае сваё майстэрства новаму пакаленню. За 27 гадоў існавання гуртка саломапляцення праз яго прайшлі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праз жыццё нясуць светлае пачуццё дачынення да высокага нацыянальнага мастацтва. На базе сектара ў Геранёнах таксама працуюць дзіцячыя гурткі па навучаннні традыцыйным рамёствам і дэкаратыўна-выяўленчаму мастацтву і ткацтву. Частыя госці ў майстэрні – вучні мясцовай сярэдняй школы. Юзэфа Эдвардаўна вучыць іх вырабляць плоскую саламяную пляцёнку – “зубатку”, рабіць з яе вянок, пояс, кошык, капялюш. На такі майстар-клас некалі трапілі і мы, журналісты “ГП”. Забыць такое немагчыма…

старасціна_геранёны_бібікава (8).JPG

Майстэрства праз пакаленні

Сакрэты бабулінай творчасці пераймае і ўнучка Эвеліна.Так сталася, што з пецярых унукаў – чатыры хлопчыка і толькі адна дзяўчынка, якая шчыра цікавіцца творчасцю бабулі. Муж, два дарослых сына і ўнукі, дарэчы, ва ўсім падтрымліваюць сваю таленавітую жоначку, маці і бабулю. А яна – акрылены чалавек шырокай душы – паспявае і прысмакаў нагатаваць, і стол накрыць, і кожнаму добрае слова сказаць, і на гародчыку пашчыраваць, і новым творам парадаваць. Да таго ж яшчэ і на рэпетыцыю паспее, бо здаўна спявае ў народным ансамблі народнай песні “Даўніна” і ансамбле народнай музыкі “Вечарынка”.

– Жыць цікава, калі займаешся любімай справай і ўвесь час заняты, – дзеліцца мая гераіня. – Мне здаецца, мы робім вельмі важную справу – захоўваем і адраджаем тое спрадвечнае, што нам перадалі продкі: народныя рамёствы, традыцыі, культуру. Усё дзеля таго, каб перадаць гэты культурны код новым пакаленням, каб нашы дзеці і ўнукі выраслі патрыётамі, прасякнутымі любоўю да свайго роднага куточка, беларушчыны і нацыянальнай спадчыны. 

старасціна_з архіву гераіні (1).jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»