"Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…" – верш, якому больш за сто гадоў, ведаюць некалькі пакаленняў. А вы чыталі яго цалкам?
У нас тэкст поўнасцю, а на відэа – самы вядомы ўрывак
Твор “На рэчцы зімою” Якуб Колас напісаў у далёкім 1910 годзе. Большасць з нас ведае урывак з яго і найчасцей называе вершам. Ці ўсё ж гэта паэма для дзяцей? Сёння прапануем у тэкставым варыянце твор цалкам. А ўрывак самы вядомы з яго, той, што, дакладна, усе мы вучылі і расказвалі на ўроках беларускай літаратуры, прачытае Аляксандр Здановіч, цёзка галоўнага героя твора.
Варта сказаць, што ў нашым праекце “Вершы на свята” прымаюць удзел Саша і яго малодшы брат Максім. Абодва - таленавітыя і рознабаковыя, цікавяцца і мастацтвам, і спортам. З Максімам мы пазнаёмімся пазней.
Саша Здановіч, акрамя таго, што вельмі прыгожа чытае вершы, займаецца хакеем, вучыцца ў музычнай школе па класу акардэона. Ён – выдатнік у школе. Удзельнічаў у гарадскім конкурсе “Я пазнаю мір”, дзе заняў першае месца. А раней таксама лепшым быў на раённым этапе конкурсу “Я – даследчык”, што праводзіцца сярод дашкалят.
На рэчцы зімою
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому...
Хочацца Алесю
Выйсці на двор з хаты,
Ўзяць з сабой сякерку
Ды ў той лес кашлаты,
Стукнуць па дзярвяках
З-за пляча абухам
I глядзець, як сыпне
Снег халодным пухам,
Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны.
– Мамачка-галубка! —
Просіць ён так міла,—
Можа б ты на рэчку
Пагуляць пусціла?
Я не буду доўга,
Зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.
– Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды, глядзі ў палонку,
Сынку, не ўваліся.
Радасць і раздолле
Хлопчыку малому,
I не пазайздросціць
Ён цяпер нікому!
На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
– Цюцік! — свіснуў Жуку.
Пад скарынкай лёду
Тут жа, каля хаты,
Працякала рэчка
Скрозь лясныя шаты.
Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
I застыла рэчка
Мёртва, нерухома.
Моцна яе грудзі
Маразамі скуты,
I аковы лёду
Сярод рэчкі ўздуты.
Ціснецца вадзіца,
Не знаходзіць ходу
I не мае сілы
Скінуць глызы лёду.
На рачулцы ў лесе
Меў Алесь забаву.
Ну ж і пацяшаўся
Хлопчык тут на славу!
– Эх ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты нашто вадзіцу
Крыўдзіш і ўшчуваеш?
Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай жа пагамоніць,
Мілая, са мною!
Дам ёй ход, галубцы,
Каб на свет зірнула! —
I яго сякерка
Спрытна секанула.
Звякае тапорык,
Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
3-пада дна ўзаўецца.
Коціць поўзверх лёду,
Іней падымае
Ды такую ж казку,
Байку хлопцу бае!
Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Спеў, нікім ад веку
У лесе не чуваны.
То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.
На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
I спявае ў сэрцы
Спеў той сугалосна.
Гэты спеў дзівосны
Чары навявае
I такія казкі
Слаўныя складае!
I ад гэтай песні
Вее дабратою,
Радасцю і шчасцем,
Мілаю вясною.
Ад тэй песні-казкі
Трудна адарвацца,
I ёй струны сэрца
Хочуць адклікацца.
