Невядомую цагляную муроўку знайшлі ў Крэўскім замку
Падчас кансервацыйных работ на Крэўскім замку-кастэлі выяўлена невядомая дагэтуль цагляная муроўка каля паўночна-ўсходняй сцяны, піша “Светлы шлях”.


Старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Дзярновіч, які ажыццяўляе археалагічны нагляд за ходам работ на гэтым аб’екце, прапанаваў унесці карэктыроўку ў рэстаўрацыйны праект. Участак гэты не тыповы для пабудовы, якая ўзводзілася ў ХІV стагоддзі з бутавага каменя. А тут, пасля ачысткі ад друзу і іншага смецця, адкрыўся фрагмент з буйной цэглы. Ніякіх гістарычных звестак пра гэта збудаванне ў архівах і вядомых даследчых дакументах няма. Таму вялікі аб’ём работы чакае даследчыкаў крэўскай даўніны, археолагаў, гісторыкаў.





Алег Дзярновіч у інтэрвью сродкам мясцовай масавай інфармацыі распавёў і пра іншыя знаходкі падчас археалагічных раскопак гэтага пошукавага сезона. Шмат цікавых артэфактаў знойдзена як на тэрыторыі Крэўскага замка, так і на гарадзішчы. Валанцёры, аматары гісторыі, якія шукаюць ў зямлі рэшткі ад былых эпох, знайшлі на старажытным гарадзішчы шмат так званых статусных рэчаў, альбо іх фрагментаў, што сведчыць пра заможнасць тагачасных жыхароў і досыць высокае развіццё рамёстваў і гандлю на гэтых землях.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
