Паланэз, кадрыль, кантраданс, дамы і кавалеры ў прыгожых строях. У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку ладзіўся шляхецкі баль у стылі ХІХ стагоддзя
У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку 15 верасня ладзіўся шляхецкі баль у гонар 220-годдзя са дня нараджэння паэта.

Кожны наведвальнік Дома-музея Адама Міцкевіча змог не толькі наведаць музейную экспазіцыю, але і акунуцца ў эпоху XIX стагоддзя і адчуць атмасферу таго часу, прыняць удзел у салонных гульнях, і, канечне, навучыцца танцаваць бальныя танцы.







На Навагрудчыну завіталі ўдзельнікі клуба культурна-гістарычнай рэканструкцыі « Паўночная вежа» з Віцебска і школы танцаў «Капітэль» з Мінска.
Традыцыйны шляхецкі баль адкрыўся ўрачыстым паланэзам, які пацвердзіў узнёслы характар мерапрыемства. Насычанай і разнастайнай была яго праграма: вытанчаныя вальсы, вяселыя і пяшчотныя кантрадансы і кадрылі. Танцавальная частка балю прайшла пад жывую музыку – акампаніравала музыкант з Віцебска Алена Лаўрэнава.




Таксама ўвазе гасцей быў прапанаваны літаратурна-музычны салон, на якім прагучалі творы, звязаныя з творчасцю Таварыства філаматаў і філарэтаў.





Прысутным было не да суму. Разам гулялі ў гульню «Жывыя карціны», даведваліся не толькі пра новыя віды вальсаў, але і самі вучыліся іх танцаваць. Менавіта гэта больш за ўсё і спадабалася гледачам. Аматары танцаў спачатку з дапамогай удзельнікаў клуба, а пазней і самі паўтаралі прыгожыя рухі. Выходзячы з залы музея, яны прызнаваліся, што ім было не так ужо і лёгка гэта рабіць..



Перад гасцямі і прысутнымі выступіла таксама навагрудская вакальная група «Свіцязянка».
Напрыканцы балю ўсім жадаючым была прапанавана экскурсія па сядзібе і магчымасць сфатаграфавацца на памяць.
