Прадстаўніца Гродзеншчыны – дыпламант Міжнароднага фестывалю, прысвечанага Ганне Герман

Прадстаўніца Гродзеншчыны – дыпламант Міжнароднага фестывалю, прысвечанага Ганне Герман

На сцэне Маскоўскага дзяржаўнага музычнага тэатра «Руская песня» пад кіраўніцтвам Надзеі Бабкінай адбыўся фінальны тур II Міжнароднага фестывалю «Мы эхо друг друга ...», прысвечанага творчасці Ганны Герман. У складзе беларускай дэлегацыі ў фестывалі прыняла ўдзел наша зямлячка, двойчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, фіналістка Рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, метадыст  аматарскіх аб’яднанняў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Ганчарова.
Ідэя стварэння фестывалю, прысвечанага творчасці польскай спявачкі, належыць двум грамадскім арганізацыям – Саюзу жанчын Расіі і Лізе польскіх жанчын. Асноўная яго мэта – умацаваць міжнародныя сувязі, стварыць умовы для фарміравання адзінай культурнай прасторы. Беларусь далучылася да праекта ўпершыню.
Беларускую дэлегацыю канкурсантаў на чале са старшынёй цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталляй Аўдзеевай прадстаўлялі, акрамя Кацярыны, яшчэ адна ўдзельніца Рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» Вольга Новікава, а таксама яго арганізатары.
Адкрыла міжнародную творчую сустрэчу старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка.
20 маладых вакалістаў выканалі на розных мовах самыя вядомыя творы з рэпертуару Ганны Герман – артысткі, чыя творчасць і сёння адклікаецца цяплом, пяшчотай і верай у дабро і каханне ў сэрцах людзей розных пакаленняў.
 – Прадстаўляць Беларусь на такім прэстыжным творчым мерапрыемстве для мяне вялікі гонар, – дзеліцца ўражаннямі Кацярына Ганчарова. – Я атрымала шмат яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў ад сустрэч з вядомымі расійскімі выканаўцамі і музыкантамі. У журы конкурсу быў народны артыст Расіі Леў Лешчанка, актрыса, выканаўца ролі Ганны Герман у фільме «Таямніца белага анёла» Ёанна Маро, заслужаны артыст Расіі Сімон Асіашвілі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Лора Квінт і іншыя. Мы выступалі на адной сцэне з Надзеяй Бабкінай, Львом Лешчанкам, Ілонай Бранявіцкай і Арчы. Конкурсныя нумары выконвалі ў суправаджэнні народнага ўзорнага аркестра Расійскіх чыгунак. Заняць прызавое месца мне, на жаль, не ўдалося, паколькі  перавага, у асноўным, была адда-дзена выканаўцам з акадэмічным вакалам, але ўжо нават сам удзел у гэтым фестывалі – вялікі поспех для мяне.
Па выніках фестывалю Кацярына Ганчарова ўдастоена дыплома конкурсу за выкананне песні «Застанься».
Падчас знаходжання беларускай дэлегацыі адбыўся таксама шэраг афіцыйных сустрэч з прадстаўнікамі кіраўніцтва Савета Федэрацыі, Саюза жанчын Расіі, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігарам Петрышэнкам, членамі польскай дэлегацыі.
Редакция газеты «Гродненская правда»