"Кожны стрэчны нам настаўнік". Прэзентацыя кнігі Ніны Рыбік адбылася ў Астраўцы

"Кожны стрэчны нам настаўнік". Прэзентацыя кнігі Ніны Рыбік адбылася ў Астраўцы

Пералік зробленага, напісанага і надрукаванага Нінай Рыбік можна працягваць бясконца.

Так сімвалічна і па-філасофску тонка назвала сваю чарговую кнігу, на гэты раз публіцыстыкі, таленавітая журналістка і пісьменніца Ніна Рыбік. Прэзентацыя выдання – рукапіс стаў пераможцам трэцяга літаратурнага конкурсу імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) – сабрала калег, сяброў і прыхільнікаў таленту аўтаркі ў зале шматфункцыянальнага культурнага комплексу.

11.jpg

Хоць асоба Ніны Аляксееўны не патрабуе дадатковага прадстаўлення, падрыхтаваная супрацоўнікамі раённай бібліятэкі прэзентацыя пра жыццёвы і творчы шляхі жанчыны, нанова яе адкрылі, расказвае ostrovets.by. Назіраючы за фотаздымкамі на вялікім экране, думаю, не я адна, злавіла сябе на думцы, што Ніна Рыбік, як цяпер прынята казаць, зрабіла сябе сама. Толькі дзякуючы таленту Ніны Алясееўны, яе неўтаймаванай працаздольнасці і ўменню аб’ядноўваць каля сябе людзей «Астравецкая праўда» атрымала чатыры «Залатыя Літары», а сама журналістка неаднойчы перамагала ў творчых конкурсах, у тым ліку еўрапейскіх… Пералік зробленага, напісанага і надрукаванага нашай калегай можна працягваць бясконца…

22.jpg

Кажуць, для любога творцы яго работы як дзеці. У гэтым сэнсе Ніна Аляксееўна шматдзетная маці. Гісторыю нараджэння апошняй кнігі прысутныя пачулі з вуснаў самой аўтаркі:

За час маёй працы ў раённай газеце было нямала сустрэч, матэрыялаў, інтэрв’ю, якія пакінулі след у маёй душы, і водгукі чытачоў сведчылі, што яны былі значнымі для іх. Кажуць, газета жыве адзін дзень, але гэта не зусім так. Мне хацелася, каб урокі, якія атрымала і дзякуючы сваёй прафесіі змагла данесці да іншых людзей, не страціліся. Каб не толькі героі, але і квентысэнцыя думак, пачуцці, урокі жыцця засталіся на памяць і на навуку некаму іншаму, – падзялілася Ніна Аляксееўна. – Калі аб’явілі літаратурны конкурс Алаізы Пашкевіч, я вырашыла паўдзельнічаць. Бог даў, што кніга ўрэшце выйшла. Яе назва «Кожны стрэчны нам – настаўнік» прыдумана не мной, гэта выказванне Сакрата. Жыццёвы досвед пацвярджае, што ў кожнага ёсць чаму павучыцца. Хачу сказаць дзякуй усім стрэчным настаўнікам, стасункі з якімі ўзрушалі мяне і потым выліваліся ў творы.

77.jpg

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У першую частку «Постаці» трапілі інтэрв’ю і нарысы пра людзей, якіх аўтар лічыць «мудрымі, у якіх ёсць чаму павучыцца»: дынастыя Багачовых, музыкант Іван Карпіцкі, вядомы аграрый Вячаслаў Адахоўскі, мастачка Бірута Куцкайтэ і многія іншыя вядомыя на Астравеччыне і ў Беларусі людзі. Другая і трэцяя часткі – «Думкі ўслых» і «Кожны стрэчны нам настаўнік» нечым пераклікаюцца – гэта роздумы-адлюстраванне падзей, сустрэч, выпадковасцяў. Апошняя частка называецца «Судакрананне» – сюды ўвайшлі літаратурныя нарысы: шчымлівыя і глыбокія развагі аўтара пра страчаную радзіму і іншыя.

33.jpg

Цёпла, шчыра з выхадам кнігі Ніну Аляксееўну віншавалі прадстаўнікі раённай улады, Саюза пісьменнікаў Беларусі і раённага літаратурнага аб’яднання, калегі з астравецкай, ашмянскай і смаргонскай газет, сяброўкі па спектаклі «Калядны вечар», знаёмыя. Музычна аздобілі літаратурную вечарыну, якая завяршылася аўтографсесіяй, Таццяна Сяўко, Юрый Інаровіч і Аляксандр Юргелянец.

44.jpg

55.jpg

…Кветкі, песні, пажаданні – у гэты дзень было ўсё для Ніны Рыбік, не толькі таленавітай журналісткі і пісьменніцы, але і Жанчыны з вялікім сэрцам, любові якога заўсёды хапае для кожнага стрэчнага…

Віншаванні ад блізкіх, сяброў і калег

Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

Звяртаюся да вас, як калега, дэпутат, зямлячка і сяброўка. Сённяшняя прэзентацыя – творчы вечар Ніны Рыбік. Адметна, што кніга прэзентуецца шырокаму колу чытачоў на Астравеччыне, дзе мы жывём большую частку свайго жыцця і дзе найбольш яскрава і поўна праявіўся талент Ніны Аляксееўны. Ваша Слова кранае чытачоў за самае жывое – пішыце і надалей!

Алена Ярашэвіч, галоўны рэдактар газеты «Астравецкая праўда»:

Вашы нарысы, разважанні, інтэрв’ю спачатку былі надрукаваны ў раённай газеце, а потым сталі такім цудоўным дыхтоўным выданнем. З моманту вашай перамогі ў літаратурным конкурсе прайшоў год – колькі за гэты час было напісана! Спадзяюся, што новыя журналісцкія работы ўвойдуць у новую кнігу. Так павучальна, прыгожа і глыбока пісаць атрымліваецца толькі ў вас, дарагая Ніна Аляксееўна. Няхай ваша муза ніколі не стамляецца тварыць, жыццё поўніцца энергіяй і здароўем. Мы вас любім!

Людміла Рыбік, галоўны рэдактар «Ашмянскага весніка», нявестка:

– Сваю кнігу вы трапна назвалі «Кожны стрэчны нам настаўнік»… Але такім значным чалавекам для многіх прысутных у зале з’яўляецеся і вы. Мне пашчасціла ўдвая: я бязмерна ўдзячна лёсу, што магу звярнуцца да вас за парадамі, як да калегі, як да сваёй другой маці, у складаных жыццёвых сітуацыя. Дзякуй, што вы ёсць!

Дзмітрый Радзівончык, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнкаў Беларусі, публіцыст і паэт:

Ад усёй Гродзеншчыны літаратурнай і вашых калег я прывёз прывітанне і віншаванні Ніне Аляксееўне. Сучаснае літаратуразнаўства мае антропацэнтрычны характар – усё круціцца вакол чалавека. Гэта ўсе вашы героі, тыя людзі, якія натхнялі вас на творчасць і суправаджаюсь вас, як журналістку і пісьменніцу, а таксама чытачы. У пісьменніцкім асяроддзі шмат розных творцаў, яркіх, амбіцыйных… Хочацца звярнуць увагу на асобу аўтара гэтай кнігі. Ніна Аляксееўна, мы ўсе ў пэўным сэнсе выйшлі з вашых нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю. Вы – наш настаўнік, і мы ўдзячны лёсу, што менавіта вы кожнаму з нас у свой час спаткаліся на жыццёвай дарозе.

Шчырыя адказы на пытанні з залы

Ці перачытваеце тое, то напісалі (маецца на ўвазе, кнігі)?

– Прызнацца, не. Не бывае такога, каб перад сном легла і сябе любімую перачытала. (Усміхаецца.) Калі рыхтавала да друку рукапіс гэтай кнігі, то перачытвала архіў на камп’ютары – папраўляла, нешта перапісвала.

Ці ёсць у вас дэвіз па жыцці?

Адзін з іх – назва кнігі. Другі – калі не можаш змяніць абставіны, змяні свае адносіны да іх. У пэўнай ступені я фаталістка.

Што вы зараз чытаеце?

Слухаю аўдыёкнігу Паліны Дашкавай «Источник бессмертия». Ведаю, што многія дастаткова скептычна адносяцца да гэтага аўтара. Я яе паважаю, гэта дастаткова сур’ёзныя дэтэктывы, з псіхалагічным ухілам і разумным экскурсам у гісторыю. Нядаўна прачытала кнігу Гузэлі Яхінай «Зулейха адкрывае вочы» – гэты твор у пэўнай ступені стаў для мяне адкрыццём.

Ідэальная кніга – якая яна?

Не ведаю, ці можа быць кніга ідэальнай. У кожнага чалавека, напэўна, ёсць свая любімая кніга. Увогуле я прыйшла да разумення, што нішто ў жыцці не бывае выпадковым – так і кніга, фільм, песня прыходзяць да чалавека ў патрэбны момант.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»