Рамесныя пляцоўкі, музыка і танцы. На абласных "Дажынках" у Смаргоні пануе творчая атмасфера
У гарадскім парку праходзіць выстава-кірмаш “Беларускія дзівосы”. Тут свае вырабы прадстаўляюць рамеснікі і майстры з розных куточкаў Гродзеншчыны.
Напрыклад, каля палаткі гаспадароў свята, смаргонцаў, безліч плеценых з лазы кошыкаў. Падрыхтавалі іх да выставы-продажу народныя майстры Рэспублікі Беларусь Людміла і Аляксей Мускія.
Астравецкія рамеснікі прывезлі на свята вырабы з дрэва і скуры.
Унікальныя рэчы і сувеніры з саломы прапануюць прадстаўнікі Іўеўскага краю, які спакон вякоў славіцца саломапляценнем.
– З саломы пляту ўжо даўно. Падчас візіту Прэзідэнта на Іўеўшчыну падарыла Аляксандру Рыгоравічу саламяны капялюш, – з гонарам расказала майстар з Іўеўскага раёна Вера Гурэй.
Спяшайцеся набыць арыгінальныя сувеніры! Выстава працуе да 17 гадзін.
Дажынкі ў Смаргоні не маглі абысціся без музыкі і танцаў. Якое б гэта было свята?! Вясёлую і гучную атмасферу падрыхтавалі ўдзельнікі музычных і харэаграфічных калектываў, якія прыехалі на свята з усіх, здаецца, куткоў вобласці.
На канцэртнай пляцоўцы Смаргонскага летняга амфітэатра творчыя нумары прадстаўляюць лепшыя аматарскія народныя калектывы Гродзенскай вобласці. Сярод іх, напрыклад, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны ансамбль песні і танца “Ніва” філіяла “Верцялішкаўскі Цэнтр культуры”, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” (Карэліцкі раён), народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі”, народныя ансамблі “Васільковая раніца” і “Медуніцы” (Шчучынскі раён), ансамбль народнай песні “Кемяліна” (Астравецкі раён), народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха” (Зэльвенскі раён) і інш.