Районной газете «Полымя» — 75 лет. От газеты-партизанки до современных технологий

Районной газете «Полымя» — 75 лет. От газеты-партизанки до современных технологий

13 лютага 2019 года ўстанова «Рэдакцыя газеты «Полымя» адзначае свой юбілей — 75-годдзе з дня выхаду ў свет першага нумара. Гэта свята ветэранаў, пазаштатных аўтараў, падпісчыкаў, паштальёнаў і чытачоў, якія любяць раёнку і цікавяцца навінамі на сайце газеты. З нагоды знамянальнай падзеі ўсе разам зазірнём у яе гісторыю, будні журналістаў, успомнім тых, хто служыў людзям друкаваным словам.

Ля вытокаў газеты «Полымя» былі два выданні — «Чырвоны партызан» (орган Карэліцкага падпольнага райкама партыі, які рэдагавала Роза Сцяпанаўна Радкевіч) і «Сцяг свабоды» (орган Мірскага падпольнага райкама партыі, які рыхтаваў і быў рэдактарам Вячаслаў Антонавіч Хілімонаў).


Хилимонов-в-молодости-1.jpg
 Рэдактар Вячаслаў Хілімонаў

Менавіта ў цяжкі час выпрабаванняў народныя мсціўцы атрымалі ў свае рукі яшчэ адну зброю — друкаванае слова. Тыраж партызанскіх выданняў быў невялікі, памерам з  разгорнуты сшытак, але газеты карысталіся папулярнасцю сярод партызанаў і мясцовага насельніцтва, заклікалі на барацьбу з ворагам, расказвалі праўду аб становішчы на франтах, усялялі веру ў перамогу. У той час усю работу па выпуску газеты выконваў адзін чалавек — рэдактар, але былі і ў яго сябры па зброі.

Актыўным супрацоўнікам «Сцяга свабоды» быў наш зямляк, народны пісьменнік Янка Брыль. Ён рыхтаваў сатырычныя дадаткі «Партызанскае жыгала», а пазней рэдагаваў і саму газету.


Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Карэлічах на рускай мове выдавалася раённая газета «Красное знамя», якую рэдагавалі Роза Сцяпанаўна Радкевіч, Яўгеній Ігнатавіч Крамко, Вольга Андрэеўна Гайдук, Алег Пятровіч Смальянаў, Барыс Іванавіч Малышаў. Адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачала выходзіць газета «Сцяг свабоды». Яе рэдагавалі Уладзімір Уладзіміравіч Налецька і Вікенцій Фаміч Жураўскі.

Янка-Брыль.jpg
Рэдактар Янка Брыль

З 1956 года, калі Мірскі раён далучылі да Карэліцкага, і да скасавання яго ў 1963 годзе, карэліччане выпісвалі і чыталі газету «Сцяг свабоды». Пасля аднаўлення раёна і па сённяшні дзень газета выходзіць пад назвай «Полымя».

Ля руля раёнкі

У 1970 годзе рэдактарам быў назначаны Іосіф Іванавіч Дораш. З яго прыходам пашырыўся аўтарскі актыў, больш выразна акрэслілася тэматычная накіраванасць газеты. На яе старонках з’явіўся «Антон Пякучкін», спецвыпуск для моладзі «Юнацтва», прадаўжала выходзіць «Рэчанька». Затым з’явіліся старонкі «Мой родны кут», «Верасок», «Будаўнік» і іншыя.

Прыкметны след у выданні газеты пакінуў Валерый Леанідавіч Дубоўскі, які рэдагаваў «Полымя» з 1978 года. Пры ім з’явіліся новыя рубрыкі, пашырылася жанравая палітра матэрыялаў. Яго хвалявалі пытанні ўдасканалення рэдакцыйнага працэсу, паляпшэння зместу газеты, яе мовы і стылю. Была праведзена рэарганізацыя аддзелаў. Прапагандаваўся перадавы вопыт, з’явілася больш  аналітычных публікацый, замалёвак аб людзях працы.

З 1980 года «Полымя» рэдагаваў Уладзімір Іванавіч Карпук, які прадоўжыў наватарскія ідэі.

Іван Аляксандравіч Шлык працаваў ва ўстанове «Рэдакцыя газеты «Полымя» на пасадзе галоўнага рэдактара з лютага 1998 года па верасень 2014 года. Накіроўваў свой прафесіяналізм і кампетэнцыю на шырокае асвятленне пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, прапаганду перадавога вопыту, вядзення спраў у народнай гаспадарцы, сферы абслугоўвання, культуры, адукацыі. Шмат увагі ўдзяляў укараненню тэхнічных сродкаў у вытворчасці газеты, сучасных сродкаў сувязі з выдавецтвам, камп’ютарызацыі,  паляпшэнню фінансава-эканамічнага стану.

У 2015 годзе калектыў установы «Рэдакцыя газеты «Полымя» ўзначаліла Іна Міхайлаўна Санчук, якая працавала да гэтага часу на пасадзе рэдактара раённага радыё. Яна пастаянна была ў творчым пошуку — пісала артыкулы, карэспандэнцыі і замалёўкі для раёнкі. Рабіла ўсе захады для таго, каб «Полымя» была папулярнай сярод падпісчыкаў. У сваіх памкненнях  была не адна: калектыў папоўніўся маладымі спецыялістамі, якія пісалі артыкулы на актуальныя тэмы і імкнуліся змяніць дызайн газеты.

З 1 лістапада 2016 года на пасаду галоўнага рэдактара была назначана Іна Іосіфаўна Лейка, якая прадаўжае працаваць і па сённяшні дзень. Яна шукае шляхі для таго, каб мясцовае выданне было папулярным у жыхароў раёна.

 Залатая скарбонка «Полымя»

Вялікі ўклад у развіццё газетнай справы на Карэліччыне ўнёс Станіслаў Антонавіч Лука.  Дзякуючы яго артыкулам, чытачы ведалі пра дасягненні ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці раёна. Ён пісаў нарысы пра людзей працы і аповеды пра гераічнае мінулае роднага краю. Яго газетны радок быў ёмкі і даступны чытачу.

3 17 лютага 1977 года па 20 лістапада 2012 года ва ўстанове «Рэдакцыя газеты «Полымя» працаваў фотакарэспандэнтам Леанід Герасімавіч Лейка. Бадай, няма куточка, дзе ён не пабываў, ведаў усё і пра ўсіх. Нарадзіўшыся на карэліцкай зямлі, самааддана ёй служыў, усяго сябе аддаваў любімай справе. Пацвярджэнне таму — шматлікія фотаздымкі, якія зрабіў за гады працы і якія захаваліся ў падшыўках газеты «Полымя».

Міхаіл Уладзіміравіч Парфёнка працаваў у рэдакцыі газеты «Полымя» з чэрвеня 1969 года па верасень 1981 года фотакарэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара. Пасля служыў у радах аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і працаваў намеснікам старшыні СВК «Лукі-Агра» па ідэалагічнай рабоце. Пастаянна супрацоўнічаў з газетай «Полымя». З’яўляецца членам Саюза журналістаў Беларусі.

Важкі ўклад у функцыянаванне газеты «Полымя» ўнеслі былыя супрацоўнікі газеты — галоўны бухгалтар Ніна Мікалаеўна Захарчук, карэктар Марыя Сцяпанаўна Худоба і іншыя. Жанчын  вызначалі працавітасць, прыстойнасць, шчырасць, дабрыня. Вялікая адказнасць да працы была прыкладам для супрацоўнікаў.

З гонарам і пашанай

Да снежня 1989 года ў Карэлічах існавала друкарня, дзе выходзіла ў свет газета «Полымя». Брыгадзірам друкарні была Валянціна Цімафееўна Шэўка. Хочацца ўспомніць іншых  работнікаў:  Веру Цімафееўну Бушму, Соф’ю Аляксандраўну Сеньку, Марыю Аляксандраўну Лошык, Віктара Міхайлавіча Пятрова, Яўгенія Аляксандравіча Строка, Мікалая Мікалаевіча Чуркіна, Таісу Іванаўну Бінько і іншых.

А вось пра Лідзію Мікалаеўну Лука трэба расказаць асобна. Яна прайшла ўсе ступені прафесійнага майстэрства, і ў яе лёсе шчаслівай лічбай стала «дзевяць». У 1969 годзе паступіла ў Мінскае ДПТВ-32. Пасля заканчэння вучылішча была накіравана ў друкарню г. Дзятлава. У 1979 годзе прыехала ў г.п. Карэлічы, дзе па спецыяльнасці працавала да 1989 года. Са жніўня 1989 года — у райгазеце «Полымя», дзе рабіла да 2015 года. Паліграфіст з багатым стажам работы была наборшчыцай машыннага набору на лінатыпе, наборна-пішучай машыне «Тыпа-тайпер», асвоіла камп’ютарную вёрстку і набор, работу ў фоташопе па падрыхтоўцы газетных фотаілюстрацый.

 Надзейныя сябры і памочнікі

Амаль кожны дзень у рэдакцыю прыходзяць пісьмы. У мінулым годзе іх атрымана 515 ад нашых аўтараў і 54 — афіцыйнага накірунку. Артыкулы  пазаштатных карэспандэнтаў дапамагаюць зрабіць раёнку больш змястоўнай і цікавай. Адным з самых актыўных аўтараў з’яўляецца Галіна Паўлаўна Калтунова з г.п. Карэлічы. Да таго ж, яна — кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя». Яе артыкулы вучаць захоўваць чалавечнасць, сумленне, прыстойнасць, прытрымлівацца актыўнай жыццёвай пазіцыі.

колтунова-007-530x389.jpg
 Кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» Галіна Калтунова

Шмат гадоў падтрымліваюць творчую сувязь з мясцовым выданнем Пётр Паўлавіч Сачыўка з аграгарадка Цырын, Леаніла Васільеўна Дзянькевіч, Ніна Сяргееўна Яфрэмава, Святлана Андрэеўна Кошур, Ганна Фёдараўна Козел з г.п. Карэлічы, Аляксандра Іванаўна Панасенка з вёскі Баранавічы, Таіса Аляксееўна Сабалеўская з вёскі Турэц, Таіса Мікалаеўна Мухіна з  аграгарадка Райца і многія іншыя.

Супрацоўнікі рэдакцыі ўдзячны за падтрымку паштавікам, якія дастаўляюць «Полымя», а таксама ўсім нашым падпісчыкам, для каго раёнка стала надзейным сябрам і добрай дарадцай. Мы заўсёды рады бачыць у нашай установе рэкламадаўцаў і спадзёмся, што іх колькасць у гэтым годзе ўзрасце.

 Што вярэдзіць душу

Ва ўсе часы журналісты раённай газеты імкнуліся расказаць чытачам пра самае цікавае і хвалюючае. Пытанні эканомікі, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, медыцыны, аховы правапарадку і навакольнага асяроддзя, прапаганда здаровага ладу жыцця — пра гэта і іншае паведамляецца ў артыкулах раёнкі. Галоўным быў і застаўся чалавек працы, і гэта не выпадкова: карэліцкая зямля багатая на працавітых і таленавітых людзей.

Чытач сустрэне ў раёнцы і тое, што асабліва вярэдзіць душу. Сярод шматлікіх праектаў хацелася б назваць «Землякоў», дзе раскрываюцца традыцыі беларускага народа, апавядаецца пра лёсы людзей і іх справы. Вялікую цікавасць выклікае і новы праект «Немагчымае магчыма» — пра моцных духам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З праектам «Гайда ў вандроўку з «Полымя» можна накіравацца ў падарожжа па вядомых і невядомых мясцінах Карэліцкага краю і сустрэцца з яго жыхарамі. Для тых, хто любіць паэзію, ёсць магчымасць пазнаёміцца з вершаванымі творамі ў штомесячных выпусках літаратурнай старонкі «Рэчанька», аўтарамі якой з’яўляюцца мясцовыя паэты і выхадцы з нашага раёна.

У нагу з часам

Сёння ўстанова «Рэдакцыя газеты «Полымя» ўключае мясцовае выданне і сайт газеты. У жніўні мінулага года наш калектыў папоўніўся трыма маладымі спецыялістамі. Галоўны прынцып у рабоце журналістаў — аператыўнасць, дакладнасць, дзейснасць. У гэтым дапамагае сучасная тэхніка: камп’ютары, фотаапараты, відэакамера, квадракоптэр.

На сайце газеты «Полымя» створаны групы ў сацыяльных сетках. Самымі папулярнымі з’яўляюцца «Типичные Кореличи» (ВКонтакте) і «Карэлічы па-беларуску» (Аднакласнікі).

Журналісты раёнкі добра валодаюць словам і сучаснымі тэхналогіямі. Мы гатовыя зрабіць усё для таго, каб інфармацыя своечасова знайшла свайго чытача, а выданне і сайт былі  папулярнымі сярод чытачоў і наведвальнікаў.

Наш Карэліцкі край — найпрыгажэйшы ў свеце, яго людзі — працавітыя і таленавітыя. Трэба, каб пра поспехі землякоў ведалі паўсюль. У далейшым будзем працаваць так жа  сумленна і самааддана, як і нашы папярэднікі, бо інакш не дазваляе сумленне і званне — быць журналістам.

Сочивко.jpg
З пісьма ў рэдакцыю  Пётр САЧЫЎКА, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь,грамадскі карэспандэнт:

—  Работа грамадскім карэспандэнтам спрыяла і росту майго прафесійнага майстэрства. Калі ты пішаш пра іншых, павінен быць прыкладам і сам. Увесь час імкнуўся працаваць творча, пастаянна шукаў новае ў рабоце педагога.


У сваіх артыкулах пісаў пра жыццё школы, вёскі, усё новае, падарожжы ў іншыя краіны. Мне хацелася, каб людзі больш падарожнічалі, пашыралі свой кругагляд, увесь час былі ў пошуку, і каб раённая газета вучыла гэтаму.

СТОИТ ПОЧИТАТЬ