Людміла Кебіч: пра Свіцязь, Нарбутаў і прыгажосць мясцін

Дваццаць пяты – юбілейны – Дзень беларускага пісьменства пройдзе 2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У гэтым годзе асноўная тэматыка свята – малая радзіма. Таму чакаецца, што пісьменнікі з усіх рэгіёнаў краіны прадставяць нямала новых і цікавых краязнаўчых твораў. Не выключэнне і Гродзеншчына.

Абавязкова на Дзень беларускага пісьменства ў Іванава паедзе дэлегацыя ад Гродзенскай вобласці, – расказала старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.Будзем прымаць удзел у цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. У гэтым годзе наша аддзяленне прадставіла кандыдата на ўзнагароду ў публіцыстычнай намінацыі.

ALX_4830-73.jpg

На агульнай пляцоўцы творчага аб’яднання гродзенскія пісьменнікі плануюць прэзентаваць каля 20 кніг. Сярод іх будуць як паэтычныя зборнікі, так і проза. Сваё ганаровае месца на сцелажы зоймуць, безумоўна, і краязнаўчыя  творы. Напрыклад, карэлічская пісьменніца Святлана Кошур прадставіць кнігу “Залатая падкова Свіцязі”, а Уладзімір Руль з Воранаўскага раёна – вершаваную паэму “Пра Нарбутаў моўлю я слова”. Сярод самых новых твораў таксама будзе зборнік казак і паданняў пра вядомыя мясціны Гродзеншчыны “Калінавы цмок” Пятра Сямінскага.

Акрамя іншага, мы рыхтуем сваю праграму, з якой будзем выступаць на галоўнай сцэне свята, – працягвае Людміла Кебіч. – Паэты, празаікі і барды з розных раёнаў Гродзенскай вобласці прадставяць сваю творчасць.

IMG_1568.JPG

Уладзіслаў Цыдзік, які нарадзіўся і вырас у Гродзенскім раёне, прэзентуе ў рамках свята свой фотаальбом “Такой я бачу Беларусь”. Шэсцьдзясят пяць беларускіх паэтаў напісалі да яго цэлы паэтычны раздзел на тэму малой радзімы. Сярод вершаў ёсць і радкі аўтараў з нашай вобласці.

– Мы заўсёды з вялікім задавальненнем удзельнічаем у Дне беларускага пісьменства, таму што гэта магчымасць не толькі паказаць сваю творчасць, але і знайсці сяброў, абмяняцца кнігамі, даведацца, што новага і цікавага з’явілася ў беларускай літаратуры за год. Для кожнага пісьменніка гэта сапраўды знакавае свята.