Ролю сняжыстага Марозу з верша Янкі Купалы выконвае Ілля Бурнос. Чарговы твор у нашым праекце “Вершы на свята”
Ролю сняжыстага Марозу з верша Янкі Купалы выконвае Ілля Бурнос. Чарговы твор у нашым праекце “Вершы на свята”
Ёсць у багатай літаратурнай спадчыне Янкі Купалы твор, дзе лірычны герой – сам Мароз: сняжысты і ўсясільны. Чытае гэты верш Ілля Бурнос. Хлопчык захапляецца хіп-хопам, грае на фартэпіяна, вывучае замежную мову.
Таксама ён – удзельнік музычна-драматычнага тэатру “Гарадзенскі званочак”, што працуе пры Цэнтры культуры горада Гродна. Ілля выдатна ўжываецца ў ролі – сапраўдны артыст. Да таго ж, у рэпертуары калектыву ёсць пастаноўкі на беларускай мове.
– Мне падабаецца беларуская мова, яна прыгожая. Бывае, не адразу атрымліваецца вывучыць верш, але я стараюся. У нас нават быў спектакль “Пугала і Бусляня”, дзе я іграў Бусляня. Мне ён вельмі спадабаўся, – распавёў нам Ілля.
Дарэчы, спадабаўся твор не толькі нашаму герою. У свой час гэта пастаноўка па матывах беларускіх і славацкіх народных казак станавілася лаўрэатам многіх конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных. Напрыклад, на XIV Міжнародным фестывалі дзіцячых і юнацкіх тэатраў “Балтык-Сатэлід 2016”, што праходзіў у польскім горадзе Сейны, “Гарадзенскі званочак” атрымаў дыплом першай ступені. Ганаровае месца прынёс гэты спектакль нашаму калектыву і ў Санкт-Пецярбургу на міжнародным фестывалі “Тэатральны калейдаскоп” у межах фестывалю дзіцячай і юнацкай творчасці “Я магу!”.
Янка Купала Мароз
Іду я, сняжысты, ўсясільны,
Па сцежках-пуцінах пустых,
І ночкай, і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
Бязмежна, ўладарна паную
Пад сховаю пушчавых вех,
Каронаю бор мне зялёны,
А тронам-пасадам бел-снег.
Палац мой — лес буйны, вяцвісты
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
Як пухам, сняжком пасыпаю
І хвою, і ёлку, і клён;
Хто ў госці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.
І казкі шапчу ім аб шчасці,
І цемру зганяю з вачэй...
Хадзіце, хадзіце к Марозу!
Хадзіце у госці хутчэй!
