Сталічная мастачка прывезла ў Гродна пачуцці і ўражанні ў палотнах
Выстаўка "Памежны стан" Кацярыны Сумаравай з 22 студзеня працуе ў авальнай зале Новага замка.
Кожная карціна – своеасаблівы код яе ўласнага светаўспрымання. Гэта сапраўды стан памежжа, з аднаго боку якога рэальныя з’явы, а з другога – іх унутранае разуменне мастачкай.
– Мае карціны – гэта мой эмацыянальны стан. Часта за ім стаяць адносіны, успаміны, урыўкі сноў, слоў, дэталі быцця, – гаворыць аўтар незвычайных палотнаў. – Усё зашыфравана... гэта дзённік, які прачытаць дакладна магу толькі я.
Прыехала Кацярына са сваёй дачкой Марыяй, якая марыць стаць мастачкай, як маці. Інакш не можа і быць у сям’і, дзе творчасць – галоўная частка жыцця большасці яе прадстаўнікоў. Бацька Кацярыны Сумаравай – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, малюе таксама і сястра Дар’я.
– Карціны дэманструюць успрыманне свету на інтуітыйным, эмацыянальным узроўнях і адначасова гавораць аб тым, што аўтар добра валодае мастацкай культурай, пластыкай і кампазіцыяй, – адзначыў старшыня Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Мікалай Бандарчук. – Увогуле Кацярыну можна назваць адным з лепшых прадстаўнікоў маладых мастакоў Беларусі.
Дарэчы, працы мастачкі былі прадстаўлены не толькі ў Беларусі. Геаграфія яе выстаў – гэта вялізны пералік вернісажаў у Італіі, Польшчы, Германіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Кітаі, Расіі, Арменіі…
У Гродна Кацярына прывезла толькі частку прац серыі “Памежны стан”, якая ўключае больш за шэсцьдзясят палотнаў. 25 карцін-памежжаў, абуджаючых у кожнага гледача свае эмоцыі і асацыяцыі, можна убачыць на Замкавай, 20 да канца лютага.
Кацярына Сумарава – дыпламантка і стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2001, 2003).
З 2007-га года – сябра грамадскага аб’яднання "Беларускі саюз мастакоў".
Працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу, а таксама розных графічных тэхніках.
Творы мастачкі знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыка (г.Орша), прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Украіне, Германіі, Галандыі, Літве, Італіі, Японіі, Іране, ААЭ, ЗША, Канадзе.
