Царква пад вадой і войны князеў. Якія таямніцы захоўвае гісторыя мястэчка Дубна

Царква пад вадой і войны князеў. Якія таямніцы захоўвае гісторыя мястэчка Дубна

Дзесьці за лесам, за полем, дзе пахне грушамі і грыбамі, дзе спрадвеку людзей добрых называюць ласкава сябрамі… Вакол гэтых мясцін склаліся неверагодныя гісторыі, якія студзяць душу і сёння. Можа, гэта толькі чуткі ці дзіцячыя страхі?

У гэтых мясцінах на берагах Нёмана ў старажытнасці расло шмат дубоў. Лясы з маляўнічымі палянамі вабілі людзей. Каля адной з такіх было заснавана пасяленне, якое і назвалі Дубна. А вось пра час яго ўзнікнення сказаць цяжка, напэўна, даўно тое было. Як пададзена ў музеі Дубненскай сярэдняй школы: “Дубненскія грунты успамінаюцца ў “Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі”, складзенай ажно ў 1557 г.”

Стагоддзі таму паблізу вёскі стаяла вялікая царква з паселішчам. Тут жылі толькі святары царквы, якія маліліся і вялі службу. Царква нагадвала велізарны замак з шасцю купаламі. Адтуль даносіўся такі звон, што яго чулі не толькі жыхары Дубна, але і людзі з прылеглых вёсак.

Гэту царкву не раз хацелі заваяваць розныя каралі, князі, але простыя людзі змагаліся за яе. І вось аднойчы ноччу, пасля вячэрняй службы, усе пачалі разыходзіцца па хатах. І тут, як сведчыць паданне, наляцела вялікае войска на конях. На чале стаяў князь Вячаслаў. Ён хацеў выгнаць святароў з хат, адабраць у людзей царкву і пабудаваць тут свае вёскі. Тады мясцовыя загадалі: «Хай лепш царква стане возерам, але не дастанецца лютаму князю».

Вось так і ўтварылася Царкоўнае возера, якое і цяпер існуе. Змрочнае месца. Яшчэ ў дзяцінстве час ад часу з бацькамі наведвала гэтыя мясціны, і кожны раз было неяк няўтульна. Каля возера заўсёды было ціха, але гэта не тая цішыня, якая ахутвае спакоем. Тут часта падымаўся туман, гушчыня якога толькі мацней палохала. Не, тут не было страшных гісторый пра пачвару і жудасных леснікоў з шэрымі, мёртвымі вачамі. Вакол толькі холад, цішыня і ваш адбітак у люстэрку возера.

Дубненская зямля багатая на цуды і неверагодныя гісторыі. Гэтаму пацверджанне маецца і ў гісторыка-краязнаўчым музеі "Дубненшчына і яе людзі". Выключэннем не стала царква, пабудаваная ў 50-х гадах XIX стагоддзя. Для яе выбралі узгорак на заходняй ускараіне вёскі. Вакол гэтай царквы склалася такая легенда. Нейкі ўкраінскі памешчык усё сваё жыццё няшчадна рабаваў сялян. Калі захварэў і адчуў блізкую смерць, вырашыў адкупіць свае грахі праз пабудову царквы ў вёсцы Дубна. Яго воля была выканана. Але царкву пабудавалі не ва Украіне, а ў беларускім сяле над Нёманам. Сапраўды, у Ровенскай вобласці Украіны ёсць населены пункт Дубна. Хто яго ведае, як магло так здарыцца, што цэрквы падобныя! Калі прытрымлівацца легенды, то за пяць ці больш гадоў, на працягу якіх будавалася царква ў Дубна, можна было б агледзецца, што храм узводзіцца не ў месцы прызначэння. Тым больш, як сцвярджаюць, цэглу ў Дубна вазілі з Вільні. Хутчэй за ўсе, верагодным будзе наступнае: праект той царквы найбольш быў прывабны і распаўсюджаны, таму атрымаў прызнанне, дасягнуў і Беларусі.

Шмат пытаняў і мала адказаў. Кажуць, што ў пачатку пабудовы ў царкве адбываліся невытлумачальныя рэчы. Галоўны інжынер пасля заканчэння пабудовы нечакана скончыў жыццё самагубствам. Рэзкі гук перакуленага крэсла – і нешта адразу нацягнула скуру на яго шыі, перакрыўшы доступ роспачнаму ўдыху. Але гэта было не ўсе. У царкве з надыходам ночы дзверы пачалі адчыняцца ўсё шырэй. Людзі чулі крокі, якія ў начной цішыні царквы здаваліся аглушальнымі. Падлога, зусім новая, рыпала, як старая прасохлая драўніна, гук якой накрываў дзікім страхам. Немагчыма было зразумець, адкуль менавіта набліжаецца гук. Гэта было падобна на гульню.

Прайшлі гады, усё супакоілася, гісторыі забыліся. І хто яго ведае, можа, гэта ўсё байкі, каб палохаць маленькіх дзетак?

Кожнае мястэчка Беларусі мае сваю адметную спадчыну, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. І Дубна не стала выключэннем. Мой родны край, мая малая Радзіма — месца, дзе нават дыхаецца па-іншаму! Дубненшчына багатая на гісторыю. Яна для меня самая цікавая, бо ў чалавека недасведчанага няма будычыні. Веданне вытокаў я лічу неабходным, так як, аддаючы даніну мінуламу, мы застаемся людзьмі!

 

Редакция газеты «Гродненская правда»