У Бераставіцкім раёне адбылося фальклорнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу»
Старадварэцкая Сёмуха з 2009 года знаёміць вяскоўцаў і гасцей аграгарадка з традыцыямі фальклорнага свята. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства аграфірмы “Стары Дворац” праводзяць гэты прыгожы фэст, каб даць магчымасць усім жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай песні і проста прыемна адпачыць.

Жывы фальклор
З дапамогай юных удзельнікаў фальклорнага аматарскага аб’яднання «Дударочкі» самыя прыгожыя і відовішчныя абрады “ваджэння куста”, “завівання бярозак” і “кумавання” ажылі на імправізаванай сцэне свята, упрыгожанай галінкамі бярозы і аформленай у стылі старадаўняй сялянскай хаты. Сама віноўніца ўрачыстасці – бяроза – была ўстаноўлена на ганаровым месцы ў цэнтры адкрытай пляцоўкі.




Дзяўчаты ўпрыгожылі бярозку стужкамі, зладзілі карагод вакол яе, кінулі свае вяночкі на галінкі дрэўца і загадалі жаданне. Госці свята з задавальненнем далучыліся да дзейства.
Падчас абрада “кумавання” дзяўчаты абмяняліся вяночкамі, папрасілі адна ў адной прабачэння, абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны.
– Мы прыехалі на фэст у Стары Дворац з мамай і дачкой, – дзеліцца ўражаннямі жыхарка г. п. В. Бераставіца Тамара Мініч. – З задавальненнем паўдзельнічалі ў фальклорным абрадзе “завівання бярозкі”. Ён вельмі прыгожы. Можна толькі дзівіцца самабытнай беларускай культуры. Арганізатарам свята хачу сказаць “дзякуй” за прыемныя эмоцыі і за дзейнасць па захаванні старадаўніх традыцый.
Беларуская народная
На фэсце гучала шмат народнай музыкі і песняў. Сваёй творчасцю з гасцямі свята падзяліліся старадварэцкія артысты – трыо “Верацейцы” і гурт “Гармонія”.
Выступілі артысты народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”.
Цудоўна ўзнялі настрой жыхарам аграгарадка госці святочнай праграмы – народны ансамбль народнай песні і музыкі «Уладары» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Артысты пакарылі гледачоў літаральна з першай песні.

У эстраднай частцы канцэрта “Са святам, землякі” прагучалі нумары ў выкананні артыстаў і ўдзельнікаў аматараскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці ў аграгарадках.

“У стылі Тіk Tok”

Эмоцыі, якія выклікаюць яркія фарбы неперадавальныя. Цуды аквагрыму падарыла маленькім гасцям свята майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Дзянішчык. Аквагрым – гэта як раз тое, што дазваляе дзецям пераўвасобіцца ў выдуманага персанажа. Ад такога адметнага макіяжа мясцовая дзетвара засталася ў захапленні.


На любы густ

Самых маленькіх жыхароў аграгарадка не адарваць было ад дзіцячых атракцыёнаў – горкі, электрамабіляў, батута і іншых забаў.

Працавалі гандлёвыя кропкі з попкорнам, салодкай ватай, напоямі і цацкамі.
– Свята Сёмуха за час свайго існавання стала візітоўкай аграгарадка Стары Дворац, – гаворыць загадчык сектара культуры Бераставіцкага райвыканкама Наталля Таргонская. – Фэст набыў свой адметны каларыт. Ён мае на мэце захаванне народных традыцый і абраднасці, перадачу культурнай спадчыны падрастаючаму пакаленню. У Год міра і стварэння варта яшчэ раз нагадаць пра неабходнасць адраджэння падобных фальклорных традыцый, паколькі нематэрыяльная культура – самы моцны ідэнтыфікатар, тое, што адрознівае кожны народ, характэрызуе самасвядомасць нацыі.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
