У дзень роднай мовы ў кнігарнях пройдуць сустрэчы з пiсьменнiкамi
У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага ў кнігарнях краіны пройдуць творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Распачнуцца яны ў 15 гадзін.
Гаворка пойдзе пра тое, што блізка і дорага сэрцу кожнага беларуса – бацькоўскі кут, сцяжынкі дзяцінства, усё, што ўвасабляе ў сабе вялікае слова “Радзіма”. Арганізатары сустрэч – Саюз пісьменнікаў Беларусі і ААТ “Белкніга”.
На Гродзеншчыне акцыя адбудзецца ў кнігарні “Веды” абласнога цэнтра. Моўную эстафету падхопіць старшыня абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Людміла Кебіч. “Я з родных слоў вянкі звіваю...” – так мілагучна яна называе сваю літаратурную сустрэчу з чытачамі.
24 лютага ў абласным метадычным цэнтры адбудзецца яшчэ адна імпрэза, прысвечаная Дню роднай мовы, – музычна-паэтычная вечарына з удзелам аўтара і выканаўцы песен Таццяны Салаўёвай і паэтаў Прынёмання. Пачатак у 17.30.
