У Гродне прэзентавалі кнігу пра даўнешнюю гісторыю Аўгустоўскага канала і яго сучасны турыстычны патэнцыял

У Гродне прэзентавалі кнігу пра даўнешнюю гісторыю Аўгустоўскага канала і яго сучасны турыстычны патэнцыял

Сёння Аўгустоўскі канал умела ўплецены ў агульны малюнак славутасцяў прынеманскага краю.

Размешчаны на мяжы Беларусі, Польшчы і Літвы, ён адзін з самых вялікіх судаходных каналаў Еўропы і да гэтай пары. А за апошнія гады стаў месцам канцэнтрацыі разнастайных спартыўных і культурных мерапрыемстваў, на якія з'язджаюцца госці і ўдзельнікі не толькі з Беларусі, але і з усяго свету. Сакрэт яго прывабнасці добра зразумелы: акрамя багатага гістарычнага мінулага гэты помнік гідратэхнічнага дойлідства вядомы сваімі надзвычай маляўнічымі краявідамі і некранутай прыродай, у час мегаполісаў і лічбавых тэхналогій – быццам Мекка для гарадскога чалавека.

20200304-IMG_0565.jpg20200304-IMG_0559.jpg

Зусім не дзіўна, што ўся гэтая інфармацыя аб гісторыі і турыстычным патэнцыяле судаходнай артэрыі рэгіёна сабрала экспертаў з розных творчых галінаў, каб сумесна стварыць унікальную кнігу “Аўгустоўскі канал: незвычайная гісторыя і новае жыццё”.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай, гэтае выданне прысвечана 75-годдзю заснавання Гродзенскай вобласці.

20200304-IMG_0585.jpg
Сёння існуе не так шмат кніг, якія б маглі падрабязна расказаць нам пра надзвычайна багатую гісторыю Аўгустоўскага канала ці пра этап яго сучаснага развіцця. Менавіта гэта і стала імпульсам для з’яўлення кнігі, – расказала яна. – Таму на старонках выдання можна знайсці звесткі аб прыроднай, спартыўнай і культурнай частках гэтага 200-гадовага гідратэхнічнага збудавання. Кніга абагульняе і комплексна падае шырокі спектр тэм, якія дазваляюць здзейсніць сапраўднае віртуальнае падарожжа па канале.

20200304-IMG_0518.jpg

Увогуле, умоўна тут можна вылучыць два вялікіх тэматычных блокі – гістарычны і сучасны. Матэрыялы першага адлюстроўваюць часы будаўніцтва Аўгустоўскага канала, яго мінулае ў кантэксце двух сусветных войнаў і іншых з'яў і здарэнняў. Сучасны перыяд прадстаўлены раздзеламі, у якіх ідзе гаворка пра час, калі тут аднаўлялі спартыўны турызм, расказваецца пра інвестыцыйныя магчымасці Гродзенскага рэгіёна, яго прыродную спадчыну, адметныя брэндавыя мерапрыемствы, святы і фестывалі, якіх шмат ладзіцца на канале ва ўсе чатыры сезоны. Па-за межамі ўвагі не застаўся і такі важны аспект, як бязвізавы рэжым, бо менавіта з Аўгустоўскага канала і распачалася эпоха вялікага геаграфічнага адкрыцця Гродзеншчыны для замежных гасцей.

20200304-IMG_0551.jpg
20200304-IMG_0515.jpg

Над распрацоўкай зместавай часткі выдання, якая, дарэчы, прадстаўлена на рускай і англійскай мовах, працаваў цэлы калектыў аўтараў. У іх ліку – спецыялісты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Дзякуючы адаптаванасці тэкстаў, прадстаўленая ў кнізе інфармацыя лёгка ўспрымаецца. Пры гэтым усё напісанае ўмела праілюстравана рознакаляровымі шырокафарматнымі фотаздымкамі. Хочацца заўважыць, што да працэссу візуалізацыі тут падышлі вельмі творча, у тым ліку рабіліся здымкі з квадракоптэра. Гледзячы на сакавітую зеляніну палеткаў і глыбокі блакіт нябёсаў адразу ўзнікае моцнае жаданне адправіцца насустрач гэтым неверагодным краявідам. Дарэчы, аўтарамі фотаработ выступілі вядомыя гродзенскія фатографы Сяргей Марозаў і Аляксандр Ласмінскі. Вялікая доля ілюстрацый была ўзята з архіву рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”, да таго ж менавіта яе супрацоўнікі і займаліся дызайнам кнігі, яе вёрсткай. Тое, што тэксты і фотаздымкі дапаўняюць адно другое, яскрава падкрэсліваюць інфармацыйную частку эмацыянальнасцю фота – гэта руплівая праца менавіта дызайнераў “Гродзенскай праўды”. Сярод шэрагу цікавых адметнасцяў дызайну – шырокафарматныя фотаздымкі, якія можна разгарнуць, каб разгледзець нават самую маленькую дэталь пейзажа ці культурнага фэсту.

20200304-IMG_0598.jpg20200304-IMG_0576.jpg

Выданне кнігі пра Аўгустоўскі канал – гэта яшчэ адзін важлівы крок на шляху да папулярызацыі воднага аб’екта. З кожным годам папулярнасць канала расце. Толькі ў мінулым сезоне там пабывалі звыш 100 тысяч гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і таксама з-за мяжы.

Штогод развіццю турыстычнай і транспартнай інфраструктуры там прыдзяляецца шмат увагі. Як адзначыла Таццяна Лідзяева, у хуткім часе гасцей будуць прымаць палацава-паркавы комплекс у Свяцку і сядзібна-паркавы комплекс у Радзівілках. Прыхільнікаў актыўнага адпачынку на прыродзе чакае нямала сюрпрызаў, напрыклад, па ціхім і маляўнічым ваколіцам канала будуць пралягаць новыя веламаршруты. Неабходныя атрыбуты для такога падарожжа ўжо закупленыя. Вядзецца таксама работа па набыцці новага судна.

20200304-IMG_0612.jpg20200304-IMG_0541.jpg
Редакция газеты «Гродненская правда»