У праекце “Вершы на свята” – зімовы Гродна “ў пухнатым белым футры”

У праекце “Вершы на свята” – зімовы Гродна “ў пухнатым белым футры”

Свой верш-мару і ўспамін чытае гродзенская пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая.

Даўно мы не бачылі Гродна пад белым покрывам снегу… Вось і леташняй зімой пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая, калі выйшла напярэдадні Новага году на шэрую вуліцу, згадала, якімі былі зімы. А яшчэ – сваё дзяцінства, дзяцінства сваіх дзяцей, калі бралі санкі, лыжы, канькі ды дружнай гурбою спяшаліся ў лес ці на каток…

З цёплых успамінаў, мары пра снежную зіму і нарадзіўся яе верш “Зімка-Чараўніца”. Знайсці яго таксама можна ў зборніку дзіцячых вершаў “Маме я нясу букецік”. Кніга зусім нядаўна пабачыла свет, гэта ўжо чатырнаццатае выданне нашай пісьменніцы. На пачатку 2020 года аўтар абяцае запрасіць усіх на прэзентацыю.


Ганна Скаржынская-Савіцкая

ЗІМКА-ЧАРАЎНІЦА

Зімка-чараўніца –
па Гародні мчыцца.
У пухнатым белым футры,
белых рукавіцах.
А з карункавых сняжынак
начапіла завушніцы.
Шапку белую надзела –
і навокал пасвятлела.
Полем, лесам танцавала,
дыяменты рассыпала.
Ды паклікала нас ранкам:
– Гэй, дзятва, хутчэй на санкі!
Мы дасталі снегакаты,
лыжы і канькі…
У чароўны лес зімовы
крочым у Пышкі.
Аз гары разносяцца –
гучны смех і гоман.
Толькі спіць пад лёдам
непрабудна Нёман.
Редакция газеты «Гродненская правда»